Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Б’ЁНДА

(Biondo) Флавіо (1392, г. Фарлі, Італія — 4.6.1463),

італьянскі гуманіст, гісторык. Упершыню вылучыў сярэднія вякі як асобны перыяд гісторыі. У сваёй гал. працы «Тры дэкады гісторыі ад падзення Рымскай імперыі» выклаў у храналагічным парадку гісторыю сярэдневяковай Еўропы (1412—1440). Адзін з першых імкнуўся выпрацаваць крытэрыі дакладнасці гіст. крыніц, увёў дэскрыптыўна-факталагічны падыход да гістарыяграфіі. Працы «Адноўлены Рым» (1444—46), «Апісанне Італіі па раёнах і правінцыях» (1453) заклалі асновы гіст. геаграфіі і гіст. Тапаграфіі.

т. 3, с. 135

Б’ЁРКНЕС

(Bjerknes) Якаб (2.11.1897, Стакгольм — 7.7.1975),

нарвежскі метэаролаг. З 1931 праф. ін-та геафізікі ў Бергене (Нарвегія), э 1940 праф. ун-та ў Каліфорніі. Разам з бацькам (Вільгельмам Б’ёрнесам) сфармуляваў тэорыю цыклонаў, на якой базіруецца сучаснае прагназаванне надвор’я. Аўтар прац па дынамічнай і сінаптычнай метэаралогіі.

т. 3, с. 136

Б’ЁРКСКІ ДАГАВО́Р,

паміж Расіяй і Германіяй, падпісаны 24.7.1905 Мікалаем II і Вільгельмам II (па ініцыятыве апошняга) на царскай яхце каля в-ва Б’ёркё ў Балтыйскім м. (каля Выбарга). Прадугледжваў узаемную дапамогу бакоў у выпадку нападу на адзін з іх 3-й дзяржавы, супярэчыў існуючым рас.-франц. адносінам і ваен. пагадненням. Сілы не набыў. Рашучае пярэчанне супраць Б’ёркскага дагавора старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ і міністра замежных спраў У.М.Ламздарфа вымусіла Мікалая II у ліст. 1905 пайсці на фактычнае скасаванне Б’ёркскага дагавора, што канчаткова аформлена ў жн. 1907.

т. 3, с. 136

Б’ЁРЛІНГ

(Björling) Юхан Юнатан (Юсі; 2.2.1911, Стура-Туна, лен Копарберг, Швецыя — 9.9.1960),

шведскі спявак (лірыка-драм. тэнар); адзін з буйнейшых спевакоў 20 ст., прадстаўнік бельканта. Вучыўся ў бацькі — Давіда Б’ёрлінга (тэнар), у кансерваторыі (1928—30) і Каралеўскай опернай школе (1930—31) у Стакгольме. У 1930—38 саліст Шведскай каралеўскай оперы, з 1938 спяваў у т-ры «Метраполітэн-опера» і інш. т-рах Амерыкі і Еўропы. Сярод партый: Фларэстан («Фідэліо» Л.Бетховена), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Матс («Нявеста» Т.Рангстрэма), Марцін Скарп («Фаналь» К.Атэрберга). Выконваў швед. нар. песні і сольныя партыі ў араторыях пад кіраўніцтвам А.Тасканіні.

т. 3, с. 136

Б’ЁРНСАН

(Bjørnson) Б’ёрнстэрнеМарцініус (8.12.1832, Квікне, Нарвегія — 26.4.1910),

нарвежскі пісьменнік, грамадскі і тэатр. дзеяч. Узначальваў Нарвежскі тэатр у Бергене (1857—58) і Крысціянійскі тэатр (1865—(58), аддаваў перавагу нац. рэпертуару. Вядомы як майстар патрыят. лірыкі (у т. л. тэксту нарв. нац. гімна «Так, мы любім гэты край», 1859). Аўтар рамант. аповесцяў з сял. жыцця «Сюнёве Сульбакен» (1857), «Арне» (1859), «Марш для нявесты» (1877) і інш., нац.-гіст. («Паміж бітвамі», 1857; «Кароль Сверэ», 1861; «Сігурд Злосны», 1862, і інш.) і сац.-крытычных драм («Банкруцтва», «Рэдактар», абедзве 1875; «Кароль», 1877, «Звыш нашых сіл», ч. 1—2, 1883—95), твораў з маральнай праблематыкай (п’есы «Рукавічка», 1883; «Геаграфія і Любоў», 1885, і інш.; раманы «Сцягі ў горадзе і ў порце», 1884; «Божым шляхам», 1889; «Мэры», 1906). Нобелеўская прэмія 1903.

Тв.:

Бел. пер. — Бялявая нарвежка // Наша слова. 1993. № 34;

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—12. Киев;

Харьков, 1893—97;

Избранное. М., 1959;

Пьесы. Л.; М., 1961.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 3, с. 137