Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БІЕЗБА́РДЗІС, Безбард (Biesbārdis) Каспар Каспаравіч (8.12.1806, воласць Слока, Латвія — 12.9.1886), латышскі публіцыст і грамадскі дзеяч; адзін з лідэраў руху младалатышоў. Вучыўся ў Дэрпцкім ун-це (г. Тарту). Аўтар першага філас. артыкула на лат. мове. Выступаў супраць ням. засілля ў Прыбалтыцы, за сац. правы латышоў-сялян, за самабытнае развіццё лат. культуры. Пераклаў на лат. мову творы Ф.​Шылера, Вергілія, Сафокла.

Б.​Гудрыке.

т. 3, с. 148

БІЕНА́ЛЕ (ад італьян. biennale двухгадовы),

мерапрыемства (маст. выстаўка або фестываль, звычайна міжнародны), якое праводзіцца рэгулярна, раз у 2 гады. Старэйшае біенале — выстаўка сучаснага мастацтва ў Венецыі (з 1895). Праводзяцца біенале: сучаснага мастацтва (з 1951) і архітэктуры (з 1957) у Сан-Паўлу, жывапісу ў Токіо (з 1951), мастацтва ў Александрыі (з 1955), «маладых» у Парыжы (з 1959), экслібрыса ў Мальбарку (з 1965), плаката ў Варшаве (з 1966), прыкладной графікі ў Брно (з 1966) і інш.

т. 3, с. 148

БІЕ́ШУ (Марыя Лук’янаўна) (н. 5.5.1934, с. Валанціраўка Сувораўскага р-на, Малдова),

малдаўская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1970). Герой Сац. Працы (1990). Скончыла Кішынёўскую кансерваторыю (1961), з 1980 выкладае ў ёй. З 1961 салістка Малд. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Аіда, Леанора («Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя П.​І.​Чайкоўскага (Масква, 1966), імя Муіры Тамакі (Токіо, 1967). Дзярж. прэмія Малдовы 1968, Дзярж. прэмія СССР 1974, Ленінская прэмія 1982.

М.Біешу ў ролі Тоскі.

т. 3, с. 148