БІФО́РЫУМ,
біфора (ад лац. biforis скразны, на абодва бакі), двухчасткавы арачны праём або элемент аркады, падзелены на 2 часткі па восі слупам (калонкай). Біфорыум перакрываецца цыркульнай (раманская і візант. архітэктура), спічастай (готыка), лучковай (барока, эклектыка) аркамі. Прамежак паміж малымі (унутранымі) і вял. (знешняй) аркамі можа быць глухі, аздоблены дэкар.-пластычным элементам і ажурны. У бел. архітэктуры біфорыум выкарыстаны ў Сар’еўскім касцёле, Каменкаўскім Антоніеўскім касцёле, у царкве ў в. Азерцы Гродзенскага р-на (пач. 20 ст.) і інш.
Г.А.Лаўрэцкі.
т. 3, с. 163
БІФУРКА́ЦЫЯ РЭК
(ад лац. bifurcus раздвоены),
раздзяленне рэчышча і даліны на 2 самастойныя ракі, якія ўпадаюць у розныя басейны. Найчасцей узнікае ад размыву паверхневымі водамі плоскіх водападзелаў. Найб. вядома ў сістэме р. Арынока (Паўд. Амерыка). На Беларусі існуе біфуркацыя рэк бас. Нёмана — праз р. Выня сцёк ажыццяўляецца ў р. Цапра бас. Прыпяці, а таксама з Пцічы па пратоках вада паступае ў рэкі Цітаўка і Талька бас. Свіслачы. Назіраецца сезонная біфуркацыя рэк, калі пераліў вады з аднаго басейна ў другі адбываецца ў час паводкі або разводдзя.
т. 3, с. 163