Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

...БІЁЗ (грэч. biōsis ад bios жыццё), састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які звязаны з жыццём, з жыццёвымі працэсамі, напр., анабіёз, анаэрабіёз.

т. 3, с. 148

БІЁКА

(Віоко; да 1973 Фернанда-По, да 1979 Масіяс-Нгема-Біёга),

востраў у Гвінейскім зал. каля ўзбярэжжа Афрыкі, тэр. Экватарыяльнай Гвінеі. Пл. 2017 км². Нас. 105 тыс. чал. (1984). Утвораны 3 злучанымі вулканічнымі масівамі. Выш. да 3008 м (г. Малаба). Горныя вечназялёныя трапічныя лясы. Запаведнік Піка-дэ-Санта-Ісабель. Плантацыі кавы, какавы, алейных пальмаў; вырошчваюць маніёк, арахіс, цукр. трыснёг. На Біёка — г. Малаба, сталіца Экватарыяльнай Гвінеі.

т. 3, с. 148

БІЁМ

(англ. biome),

сукупнасць відаў раслін, жывёл і асяроддзя іх пражывання ў пэўнай ландшафтна-геагр. зоне. У склад біёму ўваходзяць біягеацэнозы, якія цесна ўзаемазвязаны патокамі энергіі і рэчываў. Для кожнага біёму (стэп, тайга, тундра, пустыня, горы, лясы і інш.) характэрна пэўная форма кліматычнай расліннасці. Тэрмін ужываецца пераважна ў замежнай л-ры. У прыродаахоўнай л-ры біём — сінонім паняцця «біятычная супольнасць». Блізкі да тэрміна біёта.

т. 3, с. 148

БІЁНІКА

(ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),

кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).

Літ.:

Антомонов Ю.Г. Моделирование биологических систем: Справ. Киев, 1977;

Биологическая и медицинская кибернетика. Киев, 1986;

Жерарден Л. Бионика: Пер. с фр. М., 1971;

Проблемы бионики. М., 1973.

А.С.Леанцюк.

т. 3, с. 148

БІЁНІКА АРХІТЭКТУ́РНАЯ,

кірунак навуковай і праектна-канструктарскай дзейнасці, які заключаецца ў вывучэнні і практычным выкарыстанні законаў, заканамернасцяў і прынцыпаў прыроды для стварэння новых прыёмаў арх. арганізацыі прасторы, новых канструкцый і матэрыялаў. Садзейнічае лепшай функцыян. арганізацыі аб’ектаў, павышэнню нясучай здольнасці канструкцый, зніжэнню вагі збудаванняў і г.д. Прыклады выкарыстання біёнікі архітэктурнай — сучасныя танкасценныя абалонкі пакрыццяў, якія нагадваюць кветку (арх. Ф.Кандэла), пнеўматычныя канструкцыі, рабрыстыя пакрыцці і скляпенні (арх. П.Л.Нерві), эксперым. праекты гарадоў і мастоў (арх. П.Саляры), пабудовы арх. Ф.Л.Райта, Р.Б.Фулера.

Літ.:

Лебедев Ю.С. Архитектура и бионика. М., 1977.

т. 3, с. 148

БІЁНТ

[ад грэч. bion (biontos) які жыве],

асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.

т. 3, с. 148

БІЁТА

(ад грэч. biote жыццё),

сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.

т. 3, с. 149