БІ́ДЭРМЕЕР, бідэрмаер (ням. Biedermeier, Biedermaier),
кірунак, які развіваўся пераважна ў ням. і аўстр. мастацтве каля 1815—48. Назву атрымаў пазней ад выдуманага прозвішча ням. абывацеля з цыкла вершаў Л.Айхрота «Biedermaiers Liederlust» (1850). Для бідэрмеера характэрна перапрацоўка формаў ампіру (пераважна ў інтэр’еры і дэкар.-прыкладным мастацтве) у духу інтымнасці і хатняй утульнасці. У жывапісе бідэрмеер спалучаў адгалоскі рамантызму з цікавасцю да простага чалавека — маленькіх радасцяў дробнага буржуа, штодзённага побыту бюргераў і сялян, да прыроды, таму часам творы майстроў бідэрмееру адносяць да «ранняга рэалізму». Жывапісныя творы адметныя невял. фарматам, карпатлівым выпісваннем дэталяў. Разам з тым у мастацтве бідэрмееру адчуваецца тэматычная вузкасць, ідэалізацыя ціха-мірнага, пераважна сямейнага побыту (жанравыя партрэты Г.Ф.Керстынга, бытавыя ідылічныя сцэны на фоне пейзажу Л.Рыхтэра, эпізоды з жыцця дзівакоў К.Шпіцвега, інтымныя жанравыя карціны І.П.Газенклевера, замалёўкі вулічных сцэн Ф.Кругера). Тыповымі майстрамі бідэрмееру былі аўстр. жывапісцы М. фон Швінд і Ф.Вальдмюлер. Блізкая да бідэрмееру творчасць дацкіх мастакоў К.Кёбке і К.В.Экерсберга.
Літ.:
Geismeier W. Biedermeier. Leipzig, 1979.
Да арт.Бідэрмеер. К.Шпіцвег. Убогі паэт. 1839.Да арт.Бідэрмеер. Пісьмовы стол з гадзіннікам, 1820 (злева); столік з чырвонага дрэва, 1830.Да арт.Бідэрмеер. Гасціная эрц-герцагіні Сафіі ў Лаксенбургу каля Вены. 1820-я г.Да арт.Бідэрмеер. Ф.Вальдмюлер. Сям’я ў парку. 1840-я г.