БІХЕВІЯРЫ́ЗМ
(ад англ. behaviour паводзіны),
адзін з пашыраных кірункаў у сучаснай зах. псіхалогіі. Засн. у 1913 амер. псіхолагам Дж.Уотсанам. Эксперым. асновай біхевіярызму паслужылі даследаванні амер. псіхолагам Э.Торндайкам паводзін жывёл. Працягваючы механістычны кірунак у псіхалогіі, біхевіярызм атаясамліваў свядомасць і паводзіны, зводзіў псіхічныя з’явы да рэакцый арганізма, а ўсё пазнанне — да ўтварэння ў арганізмах (уключаючы і чалавека) умоўных рэакцый. У 1920-я г. біхевіярызм распаўся на шэраг кірункаў, якія спалучалі асн. дактрыну з элементамі інш. тэорый (гештальтпсіхалогіі, псіхааналізу), узнік неабіхевіярызм. Ідэі біхевіярызму паўплывалі на лінгвістыку, антрапалогію, сацыялогію, семіётыку і сталі адным з вытокаў кібернетыкі.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.
т. 3, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)