БЯГА́НСКАЯ Ядвіга Іосіфаўна

(29.2.1908, Улан-Удэ — 3.4.1992),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1930). Настаўнічала. У 1937 пасля арышту мужа паэта А.Сака арыштавана, у 1938 засуджана на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлена ў лагер на Калыму. У 1948 вярнулася на Беларусь. Рэабілітавана ў 1954. Дэбютавала вершамі ў 1926. Першая аповесць «Далёка на Поўначы» (1954). Кнігі Бяганскай для дзяцей («Жэнеў галубок», 1958; «Зосіна зорачка», 1965; «Кожны марыць стаць Калумбам», 1968; «Сланечнікі», 1980, і інш.) вылучаюцца добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі, назіральнасцю, уменнем займальна будаваць сюжэт. Перакладала з польск. (аповесці Б.Ясенскага «Палю Парыж», 1932; Г.Машынскай-Гофман «Вера і яе таварышы», 1965; Я.Корчака «Кароль Мацюсь Першы», 1970) і славацкай (раманы М.Крно «Я вярнуся жывы», 1960; У.Мінача «Жывыя і мёртвыя», 1961, з А.Мажэйкам; аповесці К.Ярунковай «Брат маўклівага ваўка», 1976; Я.Грушоўскага «Яношак», 1980).

Тв.:

Ля самага сіняга мора. Мн., 1982;

Сонцу і ветру насустрач. Мн., 1988.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)