БОК
(Bock) Фёдар фон (3.12.1880, г. Костшын, Польшча — 3.5.1945),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал ням.-фаш. арміі (1940). Службу пачаў у 1898. Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1919 на камандных і штабных пасадах у рэйхсверы. Выступаў за пераўзбраенне Германіі і ўстанаўленне фаш. дыктатуры. У 2-ю сусв. вайну 1939—45 камандуючы групай армій «Поўнач» (1939, Польшча), групай армій «Б» (1940, Францыя). З чэрв. 1941 на сав.-герм. фронце, камандуючы групай армій «Цэнтр», якая ў чэрв.—жн. 1941 акупіравала тэр. Беларусі. У снеж. 1941 пасля паражэння ням.-фаш. войскаў пад Масквой зняты з пасады. У студз.—ліп. 1942 камандуючы групамі армій «Поўдзень» і «А», потым у распараджэнні вярх. камандавання вермахта. Загінуў у час налёту англа-амер. авіяцыі.
А.М.Літвін.
т. 3, с. 207
БОКАНЕРВО́ВЫЯ
(Amphineura),
падтып найб. прымітыўных марскіх малюскаў. 2 класы: панцырныя малюскі і баразнаватабрухія (бяспанцырныя), па інш. сістэме і 3-і клас. — каўдафавеаты. Вядомыя з ранняга кембрыю. Каля 100 вымерлых і 1300 сучасных відаў. Жывуць ва ўсіх краявых морах і акіянах.
Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 35 см) двухбаковасіметрычнае. Кутыкула мантыі ўкрыта вапняковымі лускавінкамі (спікуламі). У большасці на спінным баку цела рухома сучлененая ракавіна. Галава без вачэй і шчупальцаў. Нерв. сістэма з дзвюх пар падоўжаных ствалоў. Крывяносная сістэма незамкнёная. Апладненне вонкавае, развіццё праз стадыю плаваючай лічынкі.
т. 3, с. 207
БО́КАЎ Віктар Фёдаравіч
(н. 19.9.1914, в. Язвіцы Загорскага р-на Маскоўскай вобл.),
рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1938). Аўтар зб-каў вершаў «Застругі» (1958), «Вецер у далонях» (1962), «Лета-мята» (1966), «Аляўціна» (1968), «Калі віднела...» (1972), «У трох кроках ад салаўя» (1977), «Ельнічакбярэзнічак» (1981), кнігі празаічных мініяцюр «Над ракой Істэрмай: Запіскі паэта» (1960), цыкла «Паэзіі сто першая вярста» (1987). Рус. прырода, каханне, жыццё вёскі і рабочага прыгарада — асн. тэмы яго лірыкі, у якой вельмі адчувальныя фалькл. матывы. Некаторыя вершы паэта сталі папулярнымі ў свой час песнямі («Арэнбургская пуховая хустка», «На пабыўку едзе», «На Мамаевым кургане»).
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.
т. 3, с. 207
БОКЛЬ
(Buckle) Генры Томас (24.11.1821, Лі, графства Кент, Вялікабрытанія — 29.5.1862),
англійскі гісторык, сацыёлаг-пазітывіст. Прадстаўнік геагр. школы ў сацыялогіі. У асн. працы «Гісторыя цывілізацыі ў Англіі» (т. 1—2, 1857—61) крытыкаваў тэалагічную трактоўку гісторыі. Ставіў сваёй задачай адкрыць заканамернасці гіст. працэсу і паказаць іх дзеянне на прыкладзе шэрагу краін. Гал. фактарам гіст. развіцця лічыў разумовы прагрэс; асаблівасці гіст. развіцця розных народаў, тлумачыў уплывам геагр. асяроддзя, пераважна ландшафту.
Тв.:
Рус. пер. — Этюды. СПб., 1867;
Влияние женіцин на успехи знания. 4 изд. СПб., 1900.
т. 3, с. 207
БОКС
(англ. вох літар. ўдар),
від спорту, адзінаборства ў кулачным баі паводле пэўных правілаў. Адрозніваюць аматарскі бокс і прафесійны. Спаборніцтвы праводзяцца на рынгу — квадратнай пляцоўцы 6 х 6 м, абмежаванай па перыметры 3 канатамі, нацягнутымі паміж вуглавымі стойкамі. Баксіруюць у спец. мяккіх пальчатках масай да 300 г (у прафес. боксе да 220 г, на алімпійскіх гульнях каля 230 г), спец. ахоўных шлемах (у аматарскім боксе). Правілы дазваляюць наносіць удары ў пярэднюю і бакавую часткі галавы і тулава вышэй пояса; забараняюць захопы, штуршкі, падножкі, удары адкрытай пальчаткай, галавой. Паядынак доўжыцца 3 раунды (у прафес. боксе да 12) па 3 мін кожны з перапынкам 1 мін паміж імі. Судзяць спаборніцтвы суддзя на рынгу і 5 бакавых. Перамога прысуджаецца па ачках (бакавымі суддзямі) ці датэрмінова (суддзёй на рынгу), калі баксёр пасля ўдару саперніка і адліку суддзёй на рынгу 10 сек не ў стане працягваць бой (накаўт), за яўнай перавагай, калі пераможца тройчы збівае саперніка моцным ударам з ног (накдаўн) ці за яўнай тэхн. перавагай. Баксёраў падзяляюць паводле ўзроставых, вагавых і разрадных катэгорый. З 1920 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бокса (АІБА). Бокс у праграме Алімпійскіх гульняў з 1904, чэмпіянаты свету з 1974, Еўропы з 1924.
Бокс развіўся з кулачнага бою (вядомы ў Стараж. Егіпце, Вавілоніі, быў у праграме Алімпійскіх гульняў у Стараж. Грэцыі). Першыя правілы бокса ў пальчатках уведзены ў Англіі ў 1867. На Беларусі бокс развіваецца з 1920 (першая секцыя ў Барысаве). Сярод бел. баксёраў алімпійскі чэмпіён В.Яноўскі (1988), абс.чэмпіён СССР А.Юкаў (1983), прызёры Кубка свету і Гульняў Добрай волі Ю.Торбік (1982), А.Акулаў (1984), А.Банін (1990), чэмпіянату Еўропы М.Савічаў (1993).
т. 3, с. 207
БОКС
(ад англ. вох скрынка),
1) герметычная камера ці скрынка для захоўвання шкодных, у т. л. радыеактыўных, рэчываў, мікраарганізмаў і для работы з імі. Аснашчаецца акном, доўгімі пальчаткамі або маніпулятарамі, шлюзам для загрузкі і выгрузкі рэчываў, прыстасаваннем для падачы асушаных газаў (сухі бокс).
2) Адасобленыя месцы ў гаражах, прамысл. памяшканнях для размяшчэння аўтамабіляў, выпрабавальных і інш. установак.
3) Адгароджаная частка палаты або ізаляванае памяшканне ў інфекцыйных бальніцах (клініках).
т. 3, с. 208
БО́КСБУРГ
(Boksburg),
горад на ПнУ Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Засн. ў 1903. 119,9 тыс. ж. (1993). Адзін з цэнтраў золатапрамысл. раёна Вітватэрсранд. Вытв-сць штучнага вадкага паліва. Прадпрыемствы харч. прам-сці.
т. 3, с. 208
БО́КУН Герман Мацвеевіч
(27.8.1922, в. Ясень Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 8.3.1978),
бел. спартыўны дзеяч, трэнер (фехтаванне на шпагах). Майстар спорту СССР (1949), засл. трэнер Беларусі (1961), засл. трэнер СССР (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1949). З 1950 у Бел. і Мінскім абл. саветах фізкультурна-спарт. т-ва «Дынама», з 1957 у Бел. ін-це фіз. культуры, з 1962 трэнер па фехтаванні Цэнтр. савета саюза спарт. т-ваў і арг-цый БССР. У 1964—77 нам. старшыні К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ БССР. Сярод выхаванцаў А.Ніканчыкаў, Д.Ніканчыкава, А.Паўлоўскі, Т.Самусенка, Ю.Смалякоў, А.Чарнушэвіч і інш. З 1995 праводзіцца міжнар. турнір па фехтаванні памяці Бокуна.
т. 3, с. 208
БО́КУН Ларыса Пятроўна
(н. 11.2.1926, г. Новарасійск),
бел. спартсменка і трэнер (фехтаванне). Майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер Беларусі (1961), засл. трэнер СССР (1967), засл. дзеяч культуры Беларусі (1971). Скончыла Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1977, Масква). Чэмпіёнка СССР у камандным першынстве (1947). З 1947 выкладчыца Бел. ін-та фіз. культуры, з 1949 на трэнерскай рабоце ў спарт. арг-цыях Мінска. З 1975 трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Трэнер зборнай СССР да 1981. З 1984 у Рэсп. вучылішчы алімпійскага рэзерву. Сярод выхаванцаў К.Бялова.
т. 3, с. 208
БО́КУН Ян Антонавіч
(н. 1.5.1934, в. Сцяпуры Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1992). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1958). З 1967 у Бел. філіяле энергет. ін-та імя Г.М.Кржыжаноўскага, з 1976 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы ў галіне цеплаэнергетыкі, гідрадынамікі і цепламасаабмену ў дысперсных асяроддзях. Распрацаваў і ўкараніў у вытв-сць метад пульсуючага слоя дысперсных матэрыялаў.
Тв.:
Гидродинамические закономерности существования пульсирующего слоя // Изв. ВУЗов и энергетич. объединений СНГ. Энергетика. 1994. № 3—4.
т. 3, с. 208