БОКС

(англ. вох літар. ўдар),

від спорту, адзінаборства ў кулачным баі паводле пэўных правілаў. Адрозніваюць аматарскі бокс і прафесійны. Спаборніцтвы праводзяцца на рынгу — квадратнай пляцоўцы 6 х 6 м, абмежаванай па перыметры 3 канатамі, нацягнутымі паміж вуглавымі стойкамі. Баксіруюць у спец. мяккіх пальчатках масай да 300 гпрафес. боксе да 220 г, на алімпійскіх гульнях каля 230 г), спец. ахоўных шлемах (у аматарскім боксе). Правілы дазваляюць наносіць удары ў пярэднюю і бакавую часткі галавы і тулава вышэй пояса; забараняюць захопы, штуршкі, падножкі, удары адкрытай пальчаткай, галавой. Паядынак доўжыцца 3 раунды (у прафес. боксе да 12) па 3 мін кожны з перапынкам 1 мін паміж імі. Судзяць спаборніцтвы суддзя на рынгу і 5 бакавых. Перамога прысуджаецца па ачках (бакавымі суддзямі) ці датэрмінова (суддзёй на рынгу), калі баксёр пасля ўдару саперніка і адліку суддзёй на рынгу 10 сек не ў стане працягваць бой (накаўт), за яўнай перавагай, калі пераможца тройчы збівае саперніка моцным ударам з ног (накдаўн) ці за яўнай тэхн. перавагай. Баксёраў падзяляюць паводле ўзроставых, вагавых і разрадных катэгорый. З 1920 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бокса (АІБА). Бокс у праграме Алімпійскіх гульняў з 1904, чэмпіянаты свету з 1974, Еўропы з 1924.

Бокс развіўся з кулачнага бою (вядомы ў Стараж. Егіпце, Вавілоніі, быў у праграме Алімпійскіх гульняў у Стараж. Грэцыі). Першыя правілы бокса ў пальчатках уведзены ў Англіі ў 1867. На Беларусі бокс развіваецца з 1920 (першая секцыя ў Барысаве). Сярод бел. баксёраў алімпійскі чэмпіён В.Яноўскі (1988), абс.чэмпіён СССР А.Юкаў (1983), прызёры Кубка свету і Гульняў Добрай волі Ю.Торбік (1982), А.Акулаў (1984), А.Банін (1990), чэмпіянату Еўропы М.Савічаў (1993).

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)