Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БОН,

горад у Алжыры, гл. Анаба.

т. 3, с. 211

БОН

(Bonn),

горад у Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія; месца часовага знаходжання парламента і ўрада краіны. 296,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт Кёльн-Бон. Прадпрыемствы паслуг, дакладнай механікі і оптыкі, эл.-тэхн., папяровай, фармацэўтычнай, паліграф., харч., тытунёвай, мэблевай, керамічнай, алюмініевай прам-сці. У Боне знаходзіцца гандл.-прамысл. палата ФРГ, шматлікія праўленні прамысл. і фін. канцэрнаў і інш. Раён Бад-Годэсберг — курорт з мінер. водамі. Ун-т (з 1818). Музеі: зямлі Рэйнланд, Гар. маст. збор Бона, Акад. маст. музей Бонскага ун-та, Дом-музей Л.Бетховена (нарадзіўся ў Боне), Бетховенгале, дзе кожныя 2 гады праводзіцца Міжнар. муз. фестываль, прысвечаны Бетховену (верасень).

Засн. ў 1 ст. рымлянамі. З 1286 горад. У 1273—1794 рэзідэнцыя кёльнскіх архіепіскапаў. У 1794 акупіраваны франц. войскамі, з 1814 у складзе Прусіі. У 1949—90 сталіца ФРГ. У 1969 да Б. далучаны суседнія гарады Бад-Годэсберг і Боель.

Стары горад моцна разбураны ў 1944—45. У пасляваенны час рэканструяваны, пабудаваны раён з урадавымі і адм. вышыннымі будынкамі. Помнікі архітэктуры: раманскі сабор Санкт-Касіус-унд-Фларэнцыус (1150—1224), гатычная царква св. Рэмігія (1274—1317), барочная царква Іезуітэнкірхе (1686—1717), палацы курфюрстаў (1697—1726, цяпер ун-т) і Попельсдорф (1715—56).

т. 3, с. 211

БОН

(ад галанд. boom бервяно; перашкода, шлагбаум),

1) плывучы прычал для малых суднаў. Абсталёўваецца грузападымальнымі механізмамі, прыстасаваннямі для падачы на судны паліва, вады, сціснутага паветра, пары.

2) Плывучая загарода са звязаных пантонаў, паплаўкоў ці бярвёнаў. Бонам перагароджваюць фарватэры, уваходы ў порт, што ахоўвае стаянкі суднаў ад варожых надводных і падводных караблёў, тарпедаў, мывучых мін. Разводная частка бона — бонавыя вароты.

т. 3, с. 211

БО́НА,

меліярацыйны канал у Беларусі, у Маларыцкім і Кобрынскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Мухавец (бас. Зах. Буга). Даўж. 34 км. Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Заор’е, упадае ў Мухавец на зах. ускраіне г. Кобрын.

т. 3, с. 211

БО́НА СФО́РЦА

(Bona Sforza; 2.2.1494, г. Віджэвана, Італія — 19.11.1557),

каралева польская і вял. княгіня літоўская, 2-я жонка Жыгімонта І Старога (з 1518), маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнучыся ўзмацніць паліт. ўладу караля і вял. князя шляхам умацавання яе эканам. асновы, значна павялічыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзярж. землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў толькі на Беларусі сканцэнтравала ў сваіх руках Аболецкую, Езярышчанскую, Клецкую, Кобрынскую, Шарашоўскую, Пінскую, Рагачоўскую і інш. воласці; выкупіла многія дзярж. ўладанні, што былі ў закладзе ў магнатаў; у судовым парадку вярнула ў склад гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладанняў многія захопленыя феадаламі дзярж. землі (Гродзенскае староства і інш.). Каб павялічыць даходы, у некаторых сваіх маёнтках (найперш у Клецкім і Пінскім староствах) рэарганізавала ў 1552—55 сістэму эксплуатацыі сялянства на аснове ўвядзення новых формаў землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і пустак з мэтаю ператварэння іх у с.-г. ўгоддзі, і ўтварэння новых нас. пунктаў. Яе мерапрыемствы для павелічэння даходаў з маёнткаў праз узмацненне эксплуатацыі сялян выкарыстаны пры ажыццяўленні агр. рэформы ў ВКЛ (гл. Валочная памера, Устава на валокі 1557). Садзейнічала перасяленню польскіх шляхціцаў у ВКЛ, умацоўвала пазіцыі каталіцкага касцёла. У 1556 выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцяў. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта II Аўгуста.

Літ.:

Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVII вв. Мн., 1961;

Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 1—4. Poznań, 1949—58;

Bogucka М. Bona Sforza. Warszawa, 1989.

М.Ф.Спірыдонаў.

т. 3, с. 211

БО́НДА,

1) беларускі народны звычай частаваць блізкіх і аднавяскоўцаў свежыной, а таксама хлебам, садавіной, агароднінай новага ўраджаю. Дзяліліся мясам свойскай і здабытай у час палявання дзікай жывёлы, рыбай, мёдам. Звычай сведчыць пра існаванне ў старажытнасці абшчыннай гаспадаркі і грамадскай уласнасці. У наш час страціў сваю назву, але па-ранейшаму захоўваецца як нар. традыцыя калектыўных узаемаадносін.

2) Старадаўняя назва пасагу, запасу грошай, адзення.

т. 3, с. 212

БО́НДАР Васіль Аляксандравіч

(н. 25.8.1940, в. Лядзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Канд. фізіка-матэм. н. (1969). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962), працаваў у ім. З 1993 прарэктар Бел. пед. ун-та. Навук. працы па фізіцы плазмы. Аўтар першага на бел. мове «Курса агульнай фізікі: Оптыка» (1995), інш. вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Тв.:

Практикум по методике ришения физических задач. Мн., 1983 (у сааўг.);

Задачи по физике с техническим содержанием. Мн., 1986 (разам з Дз.І.Кульбіцкім, У.А.Якавенкам).

т. 3, с. 212

БО́НДАР Павел Пятровіч

(н. 30.3.1952, г.п. Лоеў Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Працуе ў галіне габелена, маст. афармлення інтэр’ераў. Асн. работы: габелены «Кветкі» (1981, гасцініца «Кастрычніцкая» ў Мінску), «Беларусь» (1982, з Н.Пілюзінай, гандлёвая палата Беларусі), трыптых «Купалле» (1991, Мазырскае муз. вучылішча), серыя габеленаў-ручнікоў «Хмара» (1994), «Маленне аб дажджы» (1995), «Дакрананне» (1996). Іл. гл. да арт. Габелен.

т. 3, с. 212

БО́НДАР Таіса Мікалаеўна

(н. 20.2.1945, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1967). Настаўнічала. З 1981 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1970. У паэт. зб-ках «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «Святочны снег» (1981, уключае вянок санетаў «Радасць»), «Спадчынны боль» (1987, вершы і паэма «Мы родам з вайны»; раздзел «Кніга песень» змяшчае паэмы-песні паводле матываў нар. легенд), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995) трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра... недасяжны свет». Зб-кі апавяданняў і аповесцяў «Сінія яблыкі» (1984), «Час, калі нас любілі» (1988), «Паветраны замак на дваіх» (1990) прысвечаны праблемам сучаснай сям’і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэнню сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяраў культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Пераклала на бел. мову з малдаўскай зб. лірыкі Г.Віеру «Імя тваё» (1986).

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 212

БО́НДАРАВА Ефрасіння Леанідаўна

(н. 25.11.1922, в. Гапонава Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. Кіназнавец, кінакрытык. Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Д-р філал. н. (1977), праф. (1980). Скончыла БДУ (1949). Працавала ў друку і на радыё (1943—47). Рэдактар-кансультант Мін-ва кінематаграфіі БССР (1948—50). Гал. рэдактар па вытв-сці фільмаў Мін-ва культуры БССР (1951—61), адначасова з 1953 выкладчык БДУ. Даследуе праблемы бел. кінамастацтва і публіцыстыкі, выступае як кінакрытык. Аўтар сцэнарыяў шэрагу дакумент. фільмаў, спец. выпускаў кінахронікі, творчых партрэтаў дзеячаў кіно.

Тв.:

В.В.Корш-Саблин. Мн., 1960;

Очерк на экране. Мн., 1969 (разам з Л.Шылавай);

В кадре и за кадром. Мн., 1973;

Время, экран, критика. Мн., 1975;

Кино Советской Белоруссии. М., 1975 (у сааўг.);

Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980;

Экран в разных измерениях. Мн., 1983;

Кінематограф і літаратура: Тв. бел. пісьменнікаў на экране. Мн., 1993.

т. 3, с. 212