Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БО́ТА

(Botha) Луіс (27.9.1862, г. Грэйтаўн, ПАР — 28.8.1919),

дзяржаўны дзеяч бурскай рэспублікі Трансвааль, потым Паўд. Афр. Саюза (ПАС). Генерал. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 галоўнакамандуючы войскамі Трансвааля (з 1900). З 1907 прэм’ер-міністр Трансвааля, у 1910—19 — ПАС. Праводзіў палітыку нац. кампрамісу паміж брыт. і бурскім насельніцтвам. Садзейнічаў уступленню ПАС у 1-ю сусв. вайну на баку Антанты. Пры Боту было задушана паўстанне бурскіх нацыяналістаў пад кіраўніцтвам К.Дэвета (1914), захоплена Паўд.-Зах. Афрыка (1914—15).

т. 3, с. 222

БО́ТКІН Сяргей Пятровіч

(17.9.1832, Масква — 24.12.1889),

рускі тэрапеўт; заснавальнік фізіял. кірунку ў медыцыне і школы рус. клініцыстаў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Медыкахірург. акадэміі ў Пецярбургу (1861). Упершыню ў Расіі стварыў клініка-эксперым. лабараторыю (1861), дзе даследаваў фізіял. і фармакалагічнае дзеянне лякарстваў. Распрацаваў шэраг пытанняў паталогіі ўнутр. органаў, інфекц. хвароб (у т. л. пра інфекц. прыроду т.зв. катаральнай жаўтухі — хвароба Боткіна; гл. Гепатыт інфекцыйны), дыягностыку і лячэнне блукальнай ныркі. Адзін з заснавальнікаў ваенна-палявой тэрапіі. Увёў ін-т сан. урачоў (1886), адкрыў у Пецярбургу бясплатную амбулаторыю (1861), бальніцу (1880), заснаваў Жаночыя ўрачэбныя курсы (1872).

Тв.:

Курс клиники внутренних болезней и клинические лекции. Т. 1—2. М., 1950.

т. 3, с. 222

БО́ТКІНА ХВАРО́БА,

тое, што гепатыт інфекцыйны.

т. 3, с. 223

БО́ТРАП

(Bottrop),

горад на З ФРГ, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія, у Рурскім прамысл. р-не. Гар. правы з 1919. 119,7 тыс. ж. (1994). Порт на канале Рэйн-Герне. Кам.-вуг., коксахім. і хім. прам-сць, машынабудаванне.

т. 3, с. 223

БО́ТЧА,

Кечкаўка, рака ў Беларусі, у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Свіслач (бас. Дняпра). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 138 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Лазавое. Ад вытоку 6,7 км рэчышча каналізавана.

т. 3, с. 223

БО́ТЫ,

тып шытага скуранога абутку з высокімі халявамі. Былі вядомы ўсх. славянам са стараж. часоў. У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 10—11 ст. Магнаты, гарадская знаць насілі боты з лепшых гатункаў скуры, найб. багатымі лічыліся каляровыя саф’янавыя боты, упрыгожаныя цісненнем, вышытым арнаментам. У гараджан былі больш простыя і танныя. У 2-й пал. 19 ст. боты сталі шыць і для заможных сялян, якія надзявалі іх пераважна на святы. Боты былі звычайна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Шылі боты са скуры буйн. раг. жывёлы, коней, свіней, авечак. У мужчынскіх ботах халявы рабілі вышэй за калена, іх загіналі, адвароты дэкарыравалі. Жаночыя шылі з карацейшымі і вузейшымі халявамі, высокім і тонкім абцасам; на заднікі ў святочныя боты набівалі медныя пласцінкі і каляровыя кавалачкі скуры. Як зручны і практычны абутак боты, пераважна фабрычнага вырабу, бытуюць і ў наш час.

Н.І.Буракоўская.

т. 3, с. 223

БО́ТЭ

(Bothe) Вальтэр (8.1.1891, г. Араніенбург, Германія — 8.2.1957),

нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў ядз. фізікі. Вучань М.Планка. Скончыў Берлінскі ун-т (1914). Праф. Берлінскага (1929—30), Гісенскага (1930—32) і Гейдэльбергскага (1932—34 і з 1946) ун-таў, з 1934 дырэктар ін-та фізікі (Кайзер-Вільгельм ін-та). Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы. Распрацаваў супадзенняў метад (1924), разам з Г.Гейгерам эксперыментальна даказаў праўдзівасць закону захавання энергіі і імпульсу ў элементарных працэсах (1925). Нобелеўская прэмія 1954.

Літ.:

Лейкин Г.А. Вальтер Боте // Природа. 1995. № 12.

т. 3, с. 223