БЕК,
бег, бей, бій (цюрк.), тытул родаплемянной, а потым феад. знаці ў краінах Б. і Сярэдняга Усходу.
т. 2, с. 376
БЕК Аляксандр Альфрэдавіч
(3.1.1903, г. Саратаў, Расія — 2.11.1972),
рускі пісьменнік. Першая аповесць «Курака» (1934) прысвечана вядомаму металургу-доменшчыку з Беларусі. Вядомасць прынесла аповесць «Валакаламская шаша» (1943—44) пра абарону Масквы ў 1941; яе працяг — аповесці «Некалькі дзён», «Рэзерв генерала Панфілава» (абедзве 1960). Аўтар нарысаў, апавяданняў, аповесцяў пра металургаў (зб. «Доменшчыкі», 1946; «Цімафей — Адкрытае сэрца», 1948), раманаў «Маладыя людзі» (1954, разам з М.Лойкам), «Жыццё Беражкова» (1956). Раман «Новае прызначэнне» (выд. 1986) пра маральныя праблемы, звязаныя з камандна-адміністрацыйнай сістэмай 1930—50-х г.
т. 2, с. 376
БЕК
(Beck) Юзаф (4.10.1894, Варшава — 5.6.1944),
дзяржаўны дзеяч Польшчы. У 1-ю сусв. вайну афіцэр польскіх легіёнаў Ю.Пілсудскага ў складзе аўстра-венг. арміі, потым у Войску Польскім, палкоўнік. У 1922—23 ваен. аташэ ў Францыі. Удзельнік перавароту Пілсудскага ў маі 1926. У 1932—39 міністр замежных спраў; падрыхтаваў падпісанне польска-герм. дагавору аб ненападзенні (1934), дамогся ад кіраўніцтва Чэхаславакіі перадачы Польшчы Цешынскай Сілезіі (1938), процідзейнічаў правядзенню Сав. Саюзам палітыкі «калект. бяспекі» і адхіліў яго прапановы аб аказанні польск. боку ў выпадку нападзення дапамогі (май 1939), спадзеючыся на падтрымку Англіі і Францыі. Пасля паражэння Польшчы на пач. 2-й сусв. вайны пераехаў з урадам у Румынію, дзе быў інтэрніраваны.
С.Б.Каўн.
т. 2, с. 376
БЕКА́РЫЯ
(Beccaria) Чэзарэ (15.3.1738, Мілан — 28.11.1794),
італьянскі асветнік, юрыст і публіцыст. Навучаўся ў езуіцкай калегіі. Д-р права. У галіне крымін. права праводзіў ідэі франц. асветнікаў. У працы «Пра злачынствы і пакаранні» (1764) упершыню даў крытычны аналіз сучаснага яму крымін. заканадаўства і яго выкарыстання на практыцы. Вял. значэнне мелі яго ідэі пра адпаведнасць пакарання ўчыненаму злачынству.
т. 2, с. 376
БЕ́КЕНБАЎЭР
(Beckenbauer) Франц (н. 11.9.1794, Мюнхен),
нямецкі спартсмен і трэнер (футбол). Чэмпіён свету (1974), Еўропы (1972). Лічыўся адным з лепшых у свеце футбольным абаронцам, у 1972 і 1976 прызнаны лепшым футбалістам Еўропы. Пад кіраўніцтвам Бекенбаўэра каманда ФРГ стала чэмпіёнам свету (1990).
т. 2, с. 376
БЕ́КЕР
(Becker) Барыс (н. 22.11.1967, г. Ляймен, Германія),
нямецкі спартсмен (тэніс). Пераможца ў адзіночным разрадзе турніраў ва Уімблдане (1985, 1986, 1989), адкрытых чэмпіянатаў ЗША (1989), Аўстраліі (1991, 1995), турніра «Мастэрс» (1988, 1992). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. быў лідэрам сярод лепшых тэнісістаў свету.
т. 2, с. 376
БЕКЕ́Р
(Becker) Жак (15.9.1906, Парыж — 20.2.1960),
французскі кінарэжысёр. З 1932 асістэнт рэж. Ж.Рэнуара. Першы значны самастойны фільм — «Апошні козыр» (1942). Творчасць Бекера вылучалася стрыманасцю эмоцый, дакладнасцю і вытанчанасцю, цікавасцю да раскрыцця чалавечых характараў. Сярод лепшых фільмаў «Гупі — Чырвоныя Рукі» (1943), «Антуан і Антуанета» (1947), «Спатканне ў ліпені» (1949), «Залаты шлем» (1952), «Не чапай здабычу» (1954), «Манпарнас, 19» (1958), «Дзірка» (1960).
т. 2, с. 376
БЕ́КЕР
(Becker) Карл Генрых (12.4.1876, Амстэрдам — 10.2.1933),
нямецкі гісторык ісламу, дзярж. дзеяч. Праф. Гейдэльбергскага, Гамбургскага, Бонскага і Берлінскага ун-таў, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). У 1910—33 выдаваў час. «Der Islam» («Іслам»). У 1921 і 1925—30 міністр па справах культаў у Прусіі. Заснаваў герм. Ісламскае т-ва, садзейнічаў рэформе вышэйшай школы, заснаваў першую Пед. акадэмію (1925), Германскую акадэмію паэзіі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Егіпта за ісламскім часам» (т. 1—2, 1902—03), «Даследаванняў ісламу» (т. 1—2, 1924—32) і інш.
т. 2, с. 376