БЁРДЖЭС
(Burgess) Энтані [сапр. Бёрджэс Уілсан (Burgess Wilson) Джон; 25.2.1917, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 25.11.1993], англійскі пісьменнік. Аўтар каля 30 раманаў. Найб. значныя — «Права на адказ», «Доктар хворы» (абодва 1960),
«Семя канчаецца» (1962), «На зоркі не падобныя» (1964), «Трапятанне намеру» (1966), «Напалеонаўская сімфонія» (1974), а таксама «Завадны апельсін» (1962; аднайм. фільм С.Кубрыка, 1971) і «1985» (1978), створаныя ў жанры антыутопіі. Асн. ўвагу Бёрджэса прыцягвалі праблемы дабра і зла, выбару і адказнасці, свабоды і гвалту, пратэсту і канфармізму, асобы і грамадства, злачынства і выпраўлення, суадносін біялагічнага і свядомага ў чалавеку. Даследаваў творчасць У.Шэкспіра, Дж.Джойса, Э.Хемінгуэя і інш. Пісаў лінгвістычныя працы, кн. для дзяцей, эсэ, сцэнарыі тэлесерыялаў. Аўтар шматлікіх муз. сачыненняў, у т. л. сімфанічных.
Тв.:
Рус. пер. — Заводной апельсин;
Вожделеющее семя;
Трепет намерения: Романы. Л., 1993.
Літ.:
Дорошевич А. Энтони Бёрджэсс: Цена свободы // Иностр. лит. 1991. № 12.
Е.А.Лявонава.
т. 3, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)