БААЛЬБЕ́К

(стараж. Геліопаль),

горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры

Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст. тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.

Літ.:

Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)