Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Тобін Джэймс

т. 18, кн. 1, с. 462

«ТОВА́РИЩ»,

грамадска-палітычная газета Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ). Выдаецца са снеж. 1994 у Мінску на бел. і рус. мовах штотыднёва. Асвятляе дзейнасць ПКБ, міжнар. камуніст., рабочага і нац.-вызв. руху, пытанні грамадска-паліт., сац.-эканам. і культ. жыцця краіны. Мае рубрыкі: «Партыйнае жыццё», «У братэрскіх партыях», «Падзеі і факты», «Эканоміка», «Народ і ўлада», «Весці рэгіёнаў», «Старонкі гісторыі» і інш. Штоквартальна выходзяць спец. тэарэт. «Палітычны дыялог» і маладзёжны выпускі.

С.​В.​Вазняк.

т. 15, с. 479

ТО́ГА (лац. toga ад tego накрываю),

верхняе адзенне грамадзян Стараж. Рыма — кавалак белай шарсцяной тканіны эліпсападобнай формы, якая драпіравалася вакол цела.

т. 15, с. 479

ТО́ГА (Togo),

Тагалезская Рэспубліка (République Togolaise), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ганай, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Бенінам. Пл. 56,8 тыс. км². Нас. 5018,5 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Ламе. Падзяляецца на 5 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 крас.).

Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным і прамым галасаваннем на 5 гадоў. Ён таксама з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, валодае правам заканад. ініцыятывы і можа распускаць парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад. Кіраўнік урада — прэм’ер-міністр, якога назначае прэзідэнт. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны Нац. сход (81 дэпутат, выбіраецца на 4 гады).

Прырода. У рэльефе пераважаюць слабахвалістыя раўніны і плато выш. 200—400 м, у цэнтры і на ПдЗ — горы выш. да 986 м, на Пд — прыморская акумуляцыйная нізіна з лагунамі. Карысныя выкапні: фасфарыты, баксіты, алмазы, жал. і хромавыя руды, вапнякі, мармур. Клімат субэкватарыяльны, на ўзбярэжжы з 2 максімумамі (сак.—чэрв. і вер.—кастр.) і 2 мінімумамі ападкаў, у глыбіні краіны з дажджлівым летнім (крас.—кастр.) і сухім зімовым сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 20 да 32 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Зімой часта дзьме сухі паўн.-ўсх. вецер харматан. Рэкі багатыя гідраэнергіяй. Пераважаюць высакатраўныя саванны. Лясы (20% тэр.) на схілах гор і ў далінах рэк. У складзе жывёльнага свету буйвал, леў, леапард, жыраф, антылопы, шакал, гіены, малпы, кракадзілы. Нац. паркі — Керан, Кве; рэзерваты.

Насельніцтва. Т. — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 99%. Найб. з іх — эве (каля 50% насельніцтва разам з блізкімі народамі, на Пд), кабрэ (на ПнУ), гурма і тэм (на Пн). У гарадах невял. колькасць французаў і арабаў. Сярод вернікаў 70% прытрымліваецца традыц. вераванняў, 20% хрысціян, 10% мусульман. Сярэднегадавы прырост 2,7% (2000). Сярэдняя шчыльн. 88,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 500 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны ўзбярэжжа і ПнУ. У гарадах жыве 32% насельніцтва (1998). Найб. гарады: Ламе (каля 600 тыс. ж. з прыгарадамі; 2000), Сакодэ і Кпаліме (каля 50 тыс. ж.). У сельскай гаспадарцы занята 66% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, у абслуговых галінах — 24%.

Гісторыя. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Т. з’явіліся партугальцы. Да сярэдзіны 19 ст. тэр. Т. — адзін з раёнаў найб. інтэнсіўнага гандлю рабамі. На момант еўрап. каланізацыі ў канцы 19 ст. найб. развітым з народаў Т. былі эве, якія стварылі на Пд шэраг дзярж. утварэнняў. Існавалі і дзярж. ўтварэнні катаколі — у цэнтры краіны і чакосі — на Пн. У 1884 Германія навязала пратэктарат эве, а да 1902 распаўсюдзіла сваю ўладу на ўсю тэр. Т. У 1-ю сусв. вайну тэр. Т. акупіравана брыт. і франц. войскамі (1914). Версальскі мірны дагавор 1919 замацаваў зах. Т. за Вялікабрытаніяй (у 1957 далучана да Рэспублікі Гана), усх. Т. — за Францыяй у якасці падмандатных тэрыторый Лігі Нацый. Пасля 2-й сусв. вайны Франц. Т. — падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Францыі. З 1956 Франц. Т. — самакіравальная рэспубліка ў складзе Франц. супольнасці.

27.4.1960 абвешчана незалежнасць Тагалезскай Рэспублікі. Партыя адзінства Т. (ПАТ) на чале з С.​Алімпіо, якая ўзначаліла ўрад Т., спрабавала стварыць аднапартыйны рэжым, у 1962 забараніла ўсе апазіцыйныя партыі. У выніку ваен. перавароту ў 1963 урад ПАТ скінуты, а Алімпіо забіты. Прэзідэнтам стаў Н.​Груніцкі, які спрабаваў ажыццявіць дэмакр. рэформы. Новы ваен. пераварот у 1967 прывёў да ўлады падпалкоўніка Г.​Эядэму (з 1972 — прэзідэнт Т.), які ўсталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым; адзінай дазволенай партыяй было Аб’яднанне тагалезскага народа. Выступленні апазіцыі прымусілі Эядэму ў 1991 дазволіць шматпартыйнасць, што не перашкодзіла яго абранню прэзідэнтам у 1993 і 1998. Т. — чл. ААН (з 1960), Афр. саюза. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднанне тагалезскага народа, Саюз за змены і інш.

Гаспадарка. Т. ўваходзіць у групу найбяднейшых краін свету і па класіфікацыі ААН займае 140-е месца паводле паказчыкаў сац.-эканам. развіцця. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 320 дол. за год (1999). Каля 42,2% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, лесаводстве, рыбалоўстве, паляўніцтве, каля 30,9% — у прам-сці, будаўніцтве, энергетыцы, транспарце і сувязі, каля 17,8% — у гандлі і турызме, 9,1% — у інш. абслуговых галінах. Урад праводзіць мерапрыемствы па ўзмацненні ролі дзяржавы ў эканоміцы. Дзяржава кантралюе б.ч. транспарту, вытв-сць электраэнергіі, здабычу фасфарытаў і інш. Адначасова прыцягваецца замежны (пераважана франц.) капітал. Сельская гаспадарка — асн. галіна эканомікі. Пераважаюць паўнатуральныя і дробнатаварныя гаспадаркі да 1—2 га. Ёсць плантацыі экспартных культур. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 3,4 млн. га зямлі, у т. л. каля 1,4 млн. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, каля 2 млн. га пад натуральнай пашай (саванны). Вытв-сць асн. харч. культур (1997/98, тыс. т): маніёку — 595,8, батату — 683, кукурузы — 452,8, сорга — 200,5, рысу — 86,2, бабовых — 46,7. Вырошчваюць таксама проса, ямс, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Гал. экспартныя культуры (штогадовы збор, тыс. т): арахіс — каля 40, кава — каля 6, какава — каля 15, бавоўна-сырэц — каля 45, ядры пальмавых арэхаў — каля 5. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, малатаварная, развіта ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы 222,8, свіней 850, коз 1110, авечак 740. Птушкагадоўля (7,5 млн. курэй). Буйн. раг. жывёлу гадуюць пераважна на Пн, свіней — на Пд. Рыбалоўства ва ўнутр. вадаёмах і моры (каля 10 тыс. т штогод). Паляўніцтва. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Вылучаецца горназдабыўная прам-сць, пераважна здабыча фасфарытаў (на Пд каля г. Акумапе, штогод каля 3 млн. т, 5—6-е месца ў свеце). Здабываюць таксама алмазы, кухонную соль (з марской вады), жал. руду, мармур, буд. матэрыялы. Каля 75% электраэнергіі імпартуецца з Ганы. У 1999 атрымана 90 млн. кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на цеплавых электрастанцыях, 7% на ГЭС. У апрацоўчай прам-сці дробныя прадпрыемствы па вытв-сці мукі, пальмавага і арахісавага алею, крухмалу і мукі з маніёку, безалкагольных напіткаў, парфумерных тавараў; саматужныя прадпрыемствы па ачыстцы бавоўны, першаснай апрацоўцы кавы і какавы. Ёсць некалькі значных прадпрыемстваў: нафтаперапр. з-д (Ламе), тэкст. ф-ка (Даджа), з-ды па вытв-сці лакаў і фарбаў, мыйных сродкаў, кіслароду і ацэтылену, зборцы веласіпедаў і мапедаў, абутковая і запалкавая ф-кі. Развіты саматужныя промыслы: выраб нац. адзення і абутку, хатніх рэчаў, простага с.-г. інвентару, сувеніраў з дрэва і слановай косці, ткацтва, пляценне і ганчарства. Шматлікія паўсаматужныя прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці харч. прадуктаў. Харч. тавары, напіткі і тытунёвыя вырабы складаюць 41,1% прамысл. прадукцыі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс. км, 1996): чыгункі 0,5, аўтадарог 7,5, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,4. У краіне 74,7 тыс. легкавых, 34,6 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. парты Ламе і Клеме (экспарт фасфарытаў). Праз порт Ламе ажыццяўляе значную частку сваіх знешнегандл. сувязей Буркіна-Фасо. У Т. 17 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Ламе і Ніямтугу. У 1999 экспарт склаў 400 млн. дол., імпарт — 450 млн. дол. У экспарце пераважаюць фасфарыты (каля 40%), кава (каля 5%), бавоўна, какава, пальмавы алей, арахіс; у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, абсталяванне і трансп. сродкі, нафта. Гал. гандл. партнёры: Францыя, Гана, Канада, Кітай. Эканоміка залежыць ад знешняй фін. і тэхн. дапамогі развітых дзяржаў. Турызм. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фін. т-ва.

Герб і сцяг Тога.
Да арт. Тога. Вёска на Пн краіны.

т. 15, с. 479

ТОД (Todd) Александэр (2.10.1907, г. Глазга, Вялікабрытанія — 10.1.1997),

англійскі хімік-арганік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1942), у 1975—80 яго прэзідэнт. Замежны чл. АН СССР (1982). Вучыўся ва ун-тах г. Глазга, Франкфурта-на-Майне і Оксфардскім ун-це. З 1938 праф. Манчэстэрскага, у 1944—71 — Кембрыджскага ун-таў. У 1952—64 старшыня ўрадавага Кансультатыўнага савета Вялікабрытаніі па навук. палітыцы. Навук. працы па хіміі нуклеатыдаў, нуклеатыдных каферментаў і нуклеінавых кіслот. Устанавіў асн. прынцып хім. будовы рыбануклеінавых кіслот (1953). Ажыццявіў першы сінтэз дынуклеатыда (1955). Нобелеўская прэмія 1957.

А.Тод.

т. 15, с. 481

ТО́ЕСНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,

замена аднаго аналітычнага выразу іншым, тоесна яму роўным, але адрозным па форме (гл. Тоеснасць).

Мэта Т.п. — наданне выразу выгляду, больш зручнага для лікавых разлікаў ці далейшых пераўтварэнняў, для лагарыфмавання, дыферэнцавання, інтэгравання, рашэння ўраўненняў і інш. Да Т.п. адносяцца, напр., прывядзенне падобных членаў, раскрыццё дужак, раскладанне на множнікі, прывядзенне алг. дробаў да аднаго назоўніка і інш.

т. 15, с. 481

ТО́ЕСНАСЦІ ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў фармальнай логікі, згодна з якім кожнае завершанае суджэнне ў лагічных аперацыях пры паўтарэнні павінна мець аднолькавы, устойлівы змест; прынцып правільнай пабудовы думак у працэсе разважання. Сфармуляваны Арыстоцелем, які сцвярджаў, што абмеркаванне пэўнай праблемы павінна пачынацца з вызначэння агульнага сэнсу паняццяў, якімі карыстаюцца субяседнікі. У логіцы Т.з. сімвалічна выяўляецца ў выглядзе формулы A ёсць A, ці A=A, у матэм. логіцы — A→A, дзе A — пэўнае выказванне, а → — знак імплікацыі. На практыцы Т.з. прадугледжвае пэўнае абстрагаванне ад характару аб’ектаў выказвання, ад іх развіцця і змены, што правамоцна ў сувязі з адноснай устойлівасцю ўсіх з’яў. Т.з. дапаўняецца і развіваецца супярэчнасці законам і выключанага трэцяга прынцыпам.

В.​М.​Пешкаў.

т. 15, с. 481

ТО́ЕСНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

фундаментальны прынцып квантавай механікі, паводле якога тоесныя часціцы пры квантавамех. апісанні іх станаў лічацца прынцыпова неадрознымі.

Гэта азначае, што станы фіз. сістэмы, якія адрозніваюцца перастаноўкамі тоесных часціц, лічацца адным станам; у адрозненне ад класічнай механікі, дзе за кожнай часціцай можна прасачыць па яе траекторыі, у квантавай механіцы паняцце траекторыі адсутнічае і тоесныя часціцы страчваюць сваю індывідуальнасць. З Т.п. вынікае, што сістэма тоесных базонаў павінна апісвацца поўнасцю сіметрычнымі (адносна перастановак каардынат і спінавых пераменных), а сістэма тоесных ферміёнаў — поўнасцю антысіметрычнымі хвалевымі функцыямі. З Т.п. вынікае таксама існаванне ў сістэмах тоесных часціц спецыфічных квантава-мех. абменных эфектаў, напр., абменнага ўзаемадзеяння.

А.​А.​Богуш.

т. 15, с. 481

ТО́ЕСНАСЦЬ,

гранічная роўнасць аб’ектаў, поўнае супадзенне іх родавых і індывідуальных уласцівасцей; захаванне прадметам ці з’явай адных і тых жа ўстойлівых уласцівасцей. Цесна звязана з катэгорыяй адрознення: вызначэнне пэўных прадметаў як тоесных патрабуе выяўлення іх адрознення ад нятоесных. У сувязі з пастаяннай змяняльнасцю рэчаіснасці мае адносны, часовы характар. Паняцце «Т.» выкарыстоўваюць у філасофіі, логіцы, матэматыцы (гл. Тоеснасць у матэматыцы). Адрозніваюць метафізічнае тлумачэнне Т., якое разглядае яе як вечную і нязменную роўнасць прадмета з самім сабой, і дыялектычнае, якое не выключае змену прадмета. Вылучаюць прынцыпы Т. абсалютнай (не прадугледжвае ўзнікнення адрозненняў паміж прадметамі), абстрактнай (заснаваны на часовым абстрагаванні ад адрозненняў прадметаў) і канкрэтнай (разглядае Т. у адзінстве з адрозненнямі прадметаў). Т. выяўляецца пры разглядзе рэчаў саміх па сабе і ў адносінах да інш. рэчаў, форм мыслення (гл. Тоеснасці закон), узаемаадносін адлюстравання і адлюстравальнага.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 481

ТО́ЕСНАСЦЬ у матэматыцы,

роўнасць двух аналітычных выразаў, справядлівая пры любых дапушчальных значэннях пераменных.

Прыклады Т.: 1) (a + b)​2 = a​2 + 2ab + b​2 пры ўсіх лікавых значэннях a і b; 2) logxy = logx + logy пры ўсіх дадатных значэннях x і y, 3) 1 + tg​2x = 1/cos​2x пры x ≠ π 2 ( 2k + 1 ) , дзе k — любы цэлы лік. Для абазначэння Т. выкарыстоўваецца знак ≡, уведзены Г.Ф.Б.Рыманам (1857).

т. 15, с. 481