ТО́ЛА,
рака ў Манголіі, правы прыток р. Архон (бас. р. Селенга). Даўж. 704 км, пл. бас. 53,2 тыс. км². Пачынаецца на нагор’і Хэнтэй, цячэ пераважна па нізкагор’ях і ўзгорыстых раўнінах. Летнія паводкі, зімой нізкі сцёк. Сярэдні расход вады каля 25 м³/с. Ледастаў з канца кастр. да сярэдзіны красавіка. На Т. — г. Улан-Батар.
т. 15, с. 483
ТО́ЛАНД (Toland) Джон (30.11.1670, каля г. Ландандэры, Вялікабрытанія — 11.3.1722),
англійскі філосаф. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1687—90), Эдынбурга (1690), Лейдэна (1691—92), Оксфарда (1693—95). У творах «Племя левітаў» (1691, не захаваўся), «Хрысціянства без таямніц» (1696) выступіў з крытыкай хрысціянства, за што абвінавачаны ў нападках на рэлігію і маральнасць і прыгавораны да зняволення, але схаваўся. Выдаў паліт. творы англ. рэспубліканцаў Дж.Мільтана (1699) і Дж.Гарынгтана (1700). У асн. філас. працах «Лісты да Серэны» (1704) і «Пантэістыкан» (1720) развіваў ідэі матэрыяльнасці бясконцага і вечнага Сусвету, адзінства руху і матэрыі. Рух разглядаў як сутнасную, універсальную ўласцівасць матэрыі, якая характарызуецца спрадвечнай актыўнасцю, але не выходзіў за межы механіст. матэрыялізму, адмаўляў развіццё прыроды і ўзаемасувязь руху матэрыі і яе якасных змен. Абвяргаў вучэнні Б.Спінозы пра нерухомасць і нязменнасць субстанцыі і пра мысленне як яе ўсеагульны атрыбут і канцэпцыю І.Ньютана пра абсалютную прастору. Абгрунтаваў палажэнне пра непарыўную сувязь прасторы і часу з рухам і матэрыяй.
А.Б.Савеня.
т. 15, с. 483
ТО́ЛЕР (Toller) Эрнст (1.12.1893, Шамоцын Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 22.5.1939),
нямецкі пісьменнік; адзін з лідэраў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Грэноблі (да 1914), у Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. За ўдзел у рэв. падзеях зняволены ў турму (1919—24). З 1933 у эміграцыі. Чалавек і рэвалюцыя — гал. тэма яго драм «Чалавек-маса» (1921), «Разбуральнікі машын» (1922), «Хінкеман», «Вызвалены Вотан» (абедзве 1923), «Гоп-ля, мы жывём» (1927), «Тушыць катлы!» (1930), «Пастар Галь» (1939). Аўтар зб. вершаў «Кніга ластавак» (1924), аўтабіягр. нататак «Юнацтва ў Германіі» (1933), кн. «Лісты з турмы» (1935), публіцыстыкі. У творах праблемы гуманнасці і жорсткасці, асобы і гісторыі, рэв. масы і яе правадыра, небяспекі нацызму; для іх характэрны абстрагаваныя вобразы-сімвалы, гратэск, настроі адзіноты, бездапаможнасці, катастрафізму.
Тв.:
Рус. пер. — Тюремные песни. М., 1925;
Штурм голода: Воспоминания и наброски. М., 1926;
Живем, живем! Л., 1928;
Дело об убийстве. М., 1934.
Літ.:
Экспрессионизм. М., 1966.
Е.А.Лявонава.
т. 15, с. 483
ТО́ЛКІН, Толкіен (Tolkien) Джон Рональд Руэл (3.1.1892, г. Блумфантэйн, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 2.9.1973), англійскі пісьменнік, вучоны-філолаг. У Англіі з 1895. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1911—14). З 1920 праф. Лідскага, з 1925 Оксфардскага ун-таў. Вядомасць прынесла казачна-гераічная эпапея «Валадар Кольцаў» (раманы «Брацтва Кальца», «Дзве крэпасці», абодва 1954; «Вяртанне караля», 1955; перапрацаванае выд. 1966; экранізаваны ў 2001), у якой праблемы гіст. лёсу чалавецтва, прыроды і шматаблічнасці зла, суадносін улады і дыктату. Эпічным сюжэтам і вобразам яго твораў адпавядаюць патэтычны стыль і насычанасць фантастыкай; у іх фалькл. вобразы суіснуюць з народжанымі ўласнай фантазіяй, у маст. тканку якой уплецены каламбуры, загадкі, шматсэнсавыя сімвалы. Аўтар аповесці-казкі «Хобіт, або Туды і назад» (1937), незавершаных твораў «Сільмарыліён» (выд. 1977), «Кніга згубленых паданняў» (выд. 1983—84). Апублікаваў манаграфіі пра Дж.Чосера (1934), пра эпас «Беавульф» (1937), слоўнік сярэднеангл. мовы, зб. артыкулаў і эсэ «Дрэва і ліст» (1964).
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. Тула, 1994.
Літ.:
Кошелев С.Л. Жанровая природа «Повелителя Колец» Дж.Р.Р.Толкина // Проблемы метода и жанра в зарубежной литературе. М., 1981. Вып. 6.
Е.А.Лявонава.
т. 15, с. 483
ТОЛЬ (ад франц. tôle),
рулонны дахавы гідраізаляцыйны матэрыял. Атрымліваюць апрацоўкай дахавага кардону дзёгцевымі прадуктамі. Выкарыстоўваецца для пакрыцця дахаў часовых збудаванняў (менш даўгавечны, чым руберойд), гідра- і параізаляцыі буд. канструкцый.
т. 15, с. 483
ТОЛЬ Карл Фёдаравіч (19.4.1777, с. Кескверэ Ляэнескага пав., Эстонія — 5.5.1842),
расійскі военачальнік. Ген. ад інфантэрыі (1826). Граф (1829). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1836). Скончыў Сухап. корпус (1796). Удзельнічаў у Швейцарскім паходзе Суворава 1799, у войнах з Францыяй (1805) і Турцыяй (1806—09). У вайну 1812 (з ліп.) ген.кватэрмайстар 1-й арміі. Удзельнік бітваў пад Смаленскам і каля с. Барадзіно. З вер. 1812 в.а. ген.-кватэрмайстра аб’яднаных армій, са снеж. 1812 ген.-кватэрмайстар Гал. штаба пры Аляксандру I. Удзельнічаў у кампаніях 1813—14. Са снеж. 1815 ген.-кватэрмайстар Гал. штаба, з 1823 — нач. штаба 1-й арміі. У час рус.-тур. вайны 1828—29 і падаўлення паўстання 1830—31 нач. штаба дзеючай арміі. З 1830 чл. Дзярж. савета. На аснове матэрыялаў па гісторыі вайны склаў апісанне бітвы каля с. Барадзіно 24 і 26 жн. 1812 (1839).
А.М.Лукашэвіч.
т. 15, с. 483