Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТО́ПКА,

прыстасаванне для спальвання цвёрдага, вадкага або газападобнага паліва ў катлах, полымных печах і інш. Т. для цвёрдага паліва бываюць слаявыя (паліва спальваецца слоем на каласніковых рашотках) і камерныя (цыклонныя, у якіх здробненае паліва спальваецца ў газапаветраным віхры, і віхравыя, з віхравым рухам газаў у топачнай камеры). Вадкае (мазут) і газападобнае паліва спальваюць у камерных Т., якія выконваюцца ў выглядзе верт. прамавугольнай камеры, дзе паліва згарае ў струмені паветра (у факеле).

Да арт. Топка. Схема топачных працэсаў: 1 — слаявога; 2 і 3 — камерных.

т. 15, с. 488

ТО́ПЧЫЕЎ Аляксандр Васілевіч (9.8.1907, с. Міхайлаўка Валгаградскай вобл., Расія — 27.12.1962),

сав. хімік-арганік. Акад. АН СССР (1949), з 1958 яе віцэ-прэзідэнт. Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1930), дзе і працаваў. У 1938—41 праф. Маскоўскага тэхнал. ін-та харч. прам-сці. З 1940 у Маскоўскім нафтавым ін-це (у 1943—47 дырэктар), адначасова у 1947—49 нам. міністра вышэйшай адукацыі СССР і з 1958 дырэктар Ін-та нафтахім. сінтэзу АН СССР (цяпер Ін-т нафтахім. сінтэзу Рас. АН яго імя). Навук. працы па даследаванні нітравання, галагенавання, алкіліравання і полімерызацыі вуглевадародаў розных класаў, а таксама сінтэзе і даследаванні фіз.-хім. уласцівасцей крэмнійарган. злучэнняў. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Тв.:

Избр. тр. [Т. 1—3]. М., 1965—66.

Літ.:

А.​В.​Топчиев. М., 1964

А.В.Топчыеў.

т. 15, с. 489