ТОН (ад грэч. tonos павышэнне голасу, тон, націск; напружанне) у акустыцы, гук пэўнай вышыні; фіз. характарыстыка гуку, якая вызначаецца яго частатой. Адрозніваюць: просты Т. (гарманічнае гукавое ваганне) і асноўны Т. (стварае акустычная сістэма, калі вагаецца з найніжэйшай для яе частатой). Гл. таксама Абертон.
зыходны прасцейшы элемент святлаценю ў натуры і маст. творы; ступень асвятлення і святлонасычанасці асобнага ўчастка прадмета і г.д. У творах жывапісу і графікі ствараецца прапарцыянальная прыроднай, багатая адценнямі шкала, у якой выбар святлоценявога Т. вызначаецца сістэмай адносін паміж Т., што стварае выразнасць святлаценю ў цэлым. Таксама зыходны элемент колеру ў прыродзе і каларыту ў творах мастацтва: якасць кожнага колеравага адцення, адпаведна асобнага ўчастка натуры або выявы ў суадносінах да асн. колераў спектра (напр., лімонна-жоўты, вогненна-чырвоны). У сістэме жывапісу колеравыя Т. непадзельна звязаны з адпаведнай ёй сістэмай святлоценявых Т. Агульны Т. — колеравы строй маст. твора або матыву, асн. адценне, якое абагульняе і падпарадкоўвае сабе ўсе колеры карціны і вызначае адзінства каларыту. Фарбы ў такім «танальным» жывапісе аб’ядноўваюцца агульным Т. (напр., серабрыстым, залацістым, цёплым, халодным).
1) фізічная характарыстыка муз.гуку, якая ўключае пэўную вышыню, гучнасць, тэмбр.
2) Мера, якая вызначае велічыню інтэрвалу паміж гукамі, роўнага 1/6актавы. У сучаснай 12-тонавай муз. сістэме найменшая адлегласць паміж гукамі — паўтон.
3) Ступень гукарада, лада, гамы, гук акорда, элемент мелодыі.
4) Характарыстыка слыхавога ўражання ад гучання голасу, муз. інструмента (чысты, фальшывы, роўны, ціхі і інш.).
5) У майстэрзінгераў — мелодыя-мадэль, на якую выконваліся розныя тэксты.
6) У сістэме царк. ладоў — вызначэнне лада (I Т., II Т. і г.д.).
ТОН Канстанцін Андрэевіч (6.11.1794, С.-Пецярбург — 6.2.1881),
рускі архітэктар. Акад. Пецярбургскай АМ (1830). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1803—15) у А.Вараніхіна, выкладаў у ёй (з 1833 праф., з 1854 рэктар па архітэктуры). У 1815—19 працаваў у К-це для пабудоў і гідраўл. работ у Пецярбургу. У 1819—28 камандзіраваны ў Італію. Пабудовы Т. ў т. зв. руска-візант. стылі (гл.Псеўдарускі стыль) адметныя канстр. вырашэннямі (выкарыстанне буйных метал. канструкцый і інш.), высокай якасцю буд. работ. Сярод твораў: у Маскве — храм Хрыста Збавіцеля ў памяць вайны 1812 (1837—83, знесены ў 1930-я г., у 1990-я г. адноўлены), Вял. Крамлёўскі палац (1839—49, у сааўт.), Аружэйная палата, званіца Сіманава манастыра (закладзена ў 1835), Мікалаеўскі вакзал (цяпер Ленінградскі; 1845—52); у стылі класіцызму — будынак Малога т-ра (1838—40), Дом інвалідаў у Ізмайлаве (1839); у Пецярбургу — Мікалаеўскі вакзал (цяпер Маскоўскі; 1851). Аўтар т. зв. узорных праектаў цэркваў, альбома «Праекты цэркваў...» (1838).
Літ.:
Кириченко Е.И. К.Тон // Зодчие Москвы, М., 1981. Кн. 1;
Славина Т.А. К.Тон. Л., 1989.
К.Тон. Храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Фота пач. 20 ст.
адзінак у сістэме МТС (метр, тона, секунда; гл.Сістэмы адзінак). Абазначаецца т. 1 т (метрычная) = 1000 кг. Т. і кратныя адзінкі кілатона (1 кт = 103т) і мегатона (1 Мт = 106т) шырока выкарыстоўваюцца ў тэхн. вымярэннях.
У англамоўных краінах выкарыстоўваюцца: доўгая, або вялікая Т. (1016,047 кг); кароткая, або малая Т. (907,185 кг); прабірная Т. — адзінка масы каштоўных металаў (29,1667 г у ЗША і 32,6667 г у Вялікабрытаніі); рэгістравая Т. — адзінка аб’ёму рэгістравай умяшчальнасці (унутр. памяшканняў) судна (2,831685 м³).
вёска ў Рубяжэвіцкім с/с Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе Рубяжэвічы—Хатава. Цэнтр калгаса. За 40 км на Пн ад Стоўбцаў, 71 км ад Мінска. 435 ж., 180 двароў (2002). Сярэдняя школа, клуб. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Вядома з пач. 16 ст. як маёнтак Тонва кн. Алелькавічаў у Віленскім ваяв.ВКЛ. З 17 ст. ўласнасць Радзівілаў, Ю.Капчэўскага, Рдултоўскіх, Багушэвічаў, Сліжняў. З 1793 у Рас. імперыі. З 1861 вёска ў Слабодкаўскай, з 1878 у Рубяжэвіцкай вол. Мінскага пав. У 1897—519 ж., 78 двароў. З 1921 у Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Івянецкім, з 1962 у Стаўбцоўскім р-нах.
Каралеўства Тонга (танганскае Pule’anga Fakatu’i ’o Tonga, англ. Kingdom of Tonga), дзяржава на аднайм. астравах на ПдЗ Ціхага акіяна. Пл. 748 км². Нас. 102,3 тыс.чал. (2002). Дзярж. мовы — танганская і англійская. Сталіца, гал.эканам. цэнтр і порт — г.Нукуалофа на в-ве Тангатапу. Краіна падзяляецца на 5 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Т. — канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць. Дзейнічае канстытуцыя 1875 (з папраўкамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчы орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея (30 членаў: кароль, члены кабінета міністраў і асабістага савета караля, 9 членаў, якіх выбірае знаць, і 9 членаў, якіх выбірае насельніцтва на 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць кароль і кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Астравы вулканічныя (выш. да 1030 м, в-аў Као) і каралавыя (выш. некалькі м, некат. прыўзнятыя да 200 м). Найб.в-аў Тангатапу, пл. 257 км². Клімат трапічны марскі. Сярэднямесячныя т-ры ад 26 °C (люты) да 20 °C (жнівень). Ападкаў каля 2000 мм за год, на схілах гор да 3000 мм. Бываюць разбуральныя трапічныя ўраганы. На асобных астравах ёсць рэкі і ручаі, захаваліся трапічныя лясы (11% тэр.) з дрэвападобных папарацей, пальмаў, панданусаў. Жывёльны свет збеднены (пацукі, мышы, кажаны). Шмат птушак. Мора багатае рыбай, чарапахамі, малюскамі. Ёсць прыродаахоўныя рэзерваты.
Насельніцтва. Больш за 98% складаюць танганцы — адзін з палінезійскіх народаў. Жывуць невял. групы метысаў, палінезійцаў з інш. астравоў, еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты, ёсць католікі (16%) і мармоны (14%). Сярэднегадавы прырост 1,91% (2000) Сярэдняя шчыльн. 136,8 чал. на 1 км². З 150 астравоў заселены 45. Каля 68 тыс.чал. жыве на в-ве Тангатапу, дзе шчыльн. дасягае 264 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 43% (1997). У г. Нукуалофа каля 40 тыс.ж. (1998). 65% самадзейнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, марскіх промыслах. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю, Аўстралію і ЗША.
Гісторыя. А-вы Т. заселены палінезійцамі ў 2-м тыс. да н.э. У 10 ст.н.э. на Т. ўсталявалася ўлада правадыроў-жрацоў туі-тонга; у 15 ст.рэліг. і свецкая ўлады падзелены. У 1616 галандскія мараплаўцы В.Схаўтэн і Я.Лемер адкрылі 1-я з а-воў Т.; у 1643 А.Я.Тасман адкрыў буйнейшы з іх — Тангатапу; у 1773—74 Т. даследаваў Дж.Кук, які назваў іх а-вамі Таварыства. У 1797 на Т. з’явіліся еўрап. місіянеры. У 1831 яны схілілі ў хрысціянства правадыра а-воў Вавау — Таўфа’ахау Тупоу, які аб’яднаў пад сваёй уладай усе а-вы Т. і абвясціў сябе каралём Т. пад імем Георга Тупоу I [1845—93]. У 1875 прынята канстытуцыя Т., створаны парламент, значную частку якога складаюць прадстаўнікі традыц. арыстакратыі.
У 1900 Вялікабрытанія навязала каралю Георгу Тупоу II [1893—1918] дагавор, які ператварыў Т. ў брыт. пратэктарат. Новы дагавор 1958 даў Т. права знешнеэканам. зносін. У 1968 брыт. ўрад заключыў дагавор з каралём Таўфа’ахау Тупоу IV [з 1966] пра пераход Т. да незалежнасці; 4.7.1970 абвешчана незалежнасць. На Т. дзейнічае адна паліт. партыя — Нар. партыя.
Гаспадарка. Т. — слабаразвітая аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 1720 дол. (1999). 32,1% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 7,8% — у прам-сці і буд-ве, 7,3% — на транспарце і ў сувязі, 11% — у гандлі, рэстаранах і атэлях, 41,8% — у інш. абслуговых галінах. Гал. галіна — земляробства. Пад с.-г. ўгоддзямі 61,3 тыс.га, у т. л. пад ворывам 18 тыс.га, пад шматгадовымі насаджэннямі 38,8 тыс.га, пад пашай 4,5 тыс.га. Значная частка зямель належыць каралеўскай сям’і і спадчыннай арыстакратыі, якія здаюць яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць гаспадаркі пл. да 3 га. Штогадовы збор асн. культур (тыс.т.): какосавых арэхаў — каля 125, бананаў — каля 5, батату — 80, маніёку — 12, апельсінаў — 3, памідораў — 2. Асн. экспартныя культуры — какосавыя арэхі і бананы, а таксама какава, кава, ваніль, імбір, чорны перац, цытрусавыя, арахіс, манга, ананасы. Асн.харч. культуры — батат, маніёк, ямс, тара, хлебнае дрэва, кукуруза, рыс, бахчавыя, агародніна. У краіне каля 6 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 8 тыс. коней, 80 тыс. свіней, 10 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 270 тыс. курэй). Рыбалоўства (каля 2—3 тыс.т рыбы штогод). Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, пашыве адзення, выпуску спарт. абсталявання, зборцы з імпартаваных дэталей і вузлоў міні-экскаватараў. Вытв-сць электраэнергіі 35 млн.кВт∙гадз (1999). Развіты саматужныя рамёствы і промыслы: выраб нац. тканін і адзення, цыновак, сувеніраў. Транспарт аўтамаб. і марскі. Аўтадарог 680 км, у т. л. 184 км з цвёрдым пакрыццём, 3,4 тыс. легкавых, 3,6 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1996). Астравы злучаны паміж сабой рэйсамі невял. суднаў. Гал. порт Нукуалофа. 6 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Тангатапу. У 1998 экспарт склаў 8 млн.дол., імпарт — 69 млн.дол. У экспарце пераважаюць копра, бананы, кава, какава, ваніль, рыба, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, нафтапрадукты. Замежны турызм (у 1997/98—26,2 тыс.чал. пераважна з Новай Зеландыі, ЗША, Аўстраліі) і грашовыя пераводы грамадзян Т. з-за мяжы з’яўляюцца важнымі крыніцамі даходаў. Грашовая адзінка — паанга.
Літ.:
Малаховский К.В. Под Южным Крестом. М., 1974.
Герб і сцяг Тонга.Да арт.Тонга. У танганскай вёсцы.
глыбакаводны жолаб у Ціхім ак. Цягнецца ўздоўж усх. схілу аднайм. падводнага хрыбта ад а-воў Самоа да 25°паўд. ш.Даўж. 860 км. Сярэдняя шыр. 78 км. Глыб. 10 882 м (найб. глыбіня Сусветнага ак. ў Паўд. паўшар’і). На Пд пераходзіць у жолаб Кермадэк.
вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Жыткавічы—Букча. Цэнтр сельсавета. За 53 км на З ад г.п. Лельчыцы, 260 км ад Гомеля, 72 км ад чыг. ст. Жыткавічы. 789 ж., 362 двары (2002). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі Тонежскае радовішча бурага вугалю.
У Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., паміж вёскамі Тонеж і Букча. Выяўлена ў 1982, папярэдне разведана ў 1987—90. Вугляносная тоўшча звязана з адкладамі ніжняга неагену і прымеркавана да Тонежскай дэпрэсіі Прыпяцкага прагіну. З 15 пластоў, лінз і прапласткаў практычнае значэнне маюць 3 пласты (I, II, III). Магутнасць іх 0,3—19,6 м, ускрышы (пясчана-гліністыя пароды) 26—132 м. Цеплата згарання 4—4,9 МДж/кг попельнасць 22—34%. На пл. 10,3 км² папярэдне разведаныя запасы 42 млн.т. Радовішча не распрацоўваецца.