ТОН у выяўленчым мастацтве,

зыходны прасцейшы элемент святлаценю ў натуры і маст. творы; ступень асвятлення і святлонасычанасці асобнага ўчастка прадмета і г.д. У творах жывапісу і графікі ствараецца прапарцыянальная прыроднай, багатая адценнямі шкала, у якой выбар святлоценявога Т. вызначаецца сістэмай адносін паміж Т., што стварае выразнасць святлаценю ў цэлым. Таксама зыходны элемент колеру ў прыродзе і каларыту ў творах мастацтва: якасць кожнага колеравага адцення, адпаведна асобнага ўчастка натуры або выявы ў суадносінах да асн. колераў спектра (напр., лімонна-жоўты, вогненна-чырвоны). У сістэме жывапісу колеравыя Т. непадзельна звязаны з адпаведнай ёй сістэмай святлоценявых Т. Агульны Т. — колеравы строй маст. твора або матыву, асн. адценне, якое абагульняе і падпарадкоўвае сабе ўсе колеры карціны і вызначае адзінства каларыту. Фарбы ў такім «танальным» жывапісе аб’ядноўваюцца агульным Т. (напр., серабрыстым, залацістым, цёплым, халодным).

т. 15, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)