ТО́ШЧЫЦКІ БОЙ 1943,
бой партызан па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Тошчыца Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. на лініі Магілёў—Жлобін 5 вер. ў Вял. Айч. вайну. Буйны гарнізон, умацаваны дзотамі, драцянымі
загародамі, кулямётнай вышкай, ахоўваў участак ракаднай чыгункі ў тыле групы ням. армій «Цэнтр». Да раніцы 5 вер. 7 атрадаў партызан Барысаўскай ваенна-аператыўнай групы з З і У акружылі станцыю і ў светлы час сутак раптоўным ударам падавілі агнявыя кропкі праціўніка, падарвалі вышку. У ходзе бою яны ўзарвалі вадакачку, рэйкі, лесапільны з-д, спалілі эшалон, забралі трафеі і арганізавана адышлі. Чыгунка на ўчастку не дзейнічала 72 гадз.
У.С.Пасэ.
т. 15, с. 494