Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТОМ,

рака ў Хакасіі, Кемераўскай і Томскай абл. Расіі, правы прыток р. Об. Даўж. 827 км, пл. бас. 62 тыс. км². Пачынаецца на схілах Абаканскага хр.; у верхнім цячэнні — горная рака, ніжэй цячэ па Кузнецкай катлавіне і Зах.-Сібірскай раўніне. Асн. прытокі: Мрасу, Кондама, Уньга (злева), Уса, Верхняя, Сярэдняя і Ніжняя Церсь, Тайдон (справа). Сярэдні расход вады каля г. Томск 1110 м³/с. Ледастаў з канца кастр. да пач. мая. Суднаходная ад вусця р. Мрасу (643 км). Сплаўная. У бас. Т. — больш за 1 тыс. азёр. На Т. гарады Новакузнецк, Кемерава, Томск. У бас. Т. Кузнецкі вугальны басейн.

т. 15, с. 484

ТО́МАС (Thomas) Сідні Джылкрыст (16.4.1850, Лондан — 1.2.1885),

англійскі металург. Вывучаў хімію і металургію ў Каралеўскай горнай школе. У 1878 распрацаваў спосаб перапрацоўкі высакафосфарыстых чыгуноў у канвертары ў сталь (тамасаўскі працэс). На выраб сталі гэтым спосабам атрымаў патэнты.

Літ.:

Мезенин Н.А. Повесть о мастерах железного дела. М., 1973;

Беккерт М. Мир металла: Пер. с нем. М., 1980.

т. 15, с. 484

ТО́МАС (Thomas) Эдуард Донал (н. 15.3.1920, Март, ЗША),

амерыканскі вучоны ў галіне гематалогіі і анкалогіі. Д-р медыцыны (1946). Скончыў Ун-т Тэхаса ў г. Остын (1943). З 1955 у Калумбійскім, з 1963 у Вашынгтонскім ун-тах, з 1975 у Цэнтры па вывучэнні раку г. Сіэтл. Навук. працы па праблемах трансплантацыі касцявога мозга пры парушэннях кроваўтварэння; прапанаваў метады прыгнечання імунітэту (т. зв. праграмы імунадэпрэсіі) рэцыпіента для прадухілення рэакцыі адарвання трансплантата. У 1956 зрабіў перасадку касцявога мозга чалавеку. Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Дж. Э.Мары).

Э.Д.Томас.

т. 15, с. 484

Томас Доналд

т. 18, кн. 1, с. 462

ТО́МАШАК (Tomášek) Вацлаў Ян (17.4.1774, Скуцеч, Чэхія — 3.4.1850),

чэшскі кампазітар, піяніст, педагог. Яго творчасць вызначыла пераход ад класіцызму да рамантызму ў чэш. музыцы. Стваральнік новых фп. жанраў: лірычных эклог, рапсодый, дыфірамбаў, якія паўплывалі на развіццё лірычнай фп. мініяцюры Ф.​Мендэльсона, Ф.​Шуберта, Р.​Шумана. У яго творчасці вылучаюцца вак. творы (на сл. І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, Г.​Гейнэ), месы і рэквіемы. Сярод інш. твораў: 2 оперы, у т. л. «Серафіна» (паст. 1811); 3 сімф. уверцюры для арк.; 2 канцэрты для фп. з арк., камерна-інстр. ансамблі. творы для фп., аргана, шклянога гармоніка і інш.

т. 15, с. 484

ТО́МБЕРГ Лізавета Сцяпанаўна (28.1.1909, с. Вайскорава Тосненскага р-на Ленінградскай вобл. — 1988),

карэльская актрыса. Нар. арт. СССР (1959). З 1932 у Фінскім драм. т-ры ў Ленінградзе, з 1940 у Фінскім драм. т-ры ў Петразаводску. Мастацтва Т. вызначалася ўнутр. сілай і шырокім дыяпазонам. Сярод роляў: Малання («Ці прымеш мяне, зямля карэльская?» А.​Тыманена), Мая («На сплаўной рацэ» Т.​Пакала), фру Бон («Людзі з Дангора» М.​Андэрсена-Нексё), Гурмыжская («Лес» А.​Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Васа Жалязнова, Малання і Варвара («Васа Жалязнова», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Эльза («Вецер з поўдня» паводле А.​Грына) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Расіі 1972.

т. 15, с. 484

ТО́МЕК (Tomek) Вацлаў Уладзівай (31.5.1818, г. Градзец-Кралаве, Чэхія — 12.6.1905),

чэшскі паліт. дзеяч, гісторык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1878). Вучань Ф.Палацкага. У час рэвалюцыі 1848—49 дэп. аўстр. рэйхстага, у 1861—95 — чэш. сейма. З 1860 праф. гісторыі Аўстрыі ў Пражскім ун-це. З 1885 пажыццёвы чл. палаты паноў. Выступаў з пазіцый аўстраславізму. Аўтар прац «Гісторыя Пражскага універсітэта» (1849), «Гісторыя горада Прагі» (ч. 1—12, 1855—1901), «Гісторыя чэшскага народа» (1865), «Ян Жыжка» (1879) і інш. Творы Т. багатыя фактычным матэрыялам і выкарыстаннем малавядомых крыніц.

т. 15, с. 484

ТО́МКАВІЧЫ,

вёска ў Рубілкаўскім с/с Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., каля аўтадарогі Негарэлае—Самахвалавічы. Цэнтр калгаса. За 16 км на У ад г. Дзяржынск, 27 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Фаніпаль. 359 ж., 113 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 15, с. 484

ТО́МСАН (Thomson) Джозеф Джон (18.12.1856, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 30.8.1940),

англійскі фізік; адзін са стваральнікаў электроннай тэорыі металаў, заснавальнік міжнар. навук. школы фізікаў-эксперыментатараў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1884; у 1915—20 прэзідэнт). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1975). Бацька Дж. П.Томсана. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1880). У 1884—1919 праф. Кембрыджскага ун-та і дырэктар Кавендышскай лабараторыі. З 1918 узначальваў Трыніты-каледж у Кембрыджы. Навук. працы па электрычнасці і магнетызме, вывучэнні эл. току ў газах, катодных і рэнтгенаўскіх прамянёў, атамнай фізіцы. Адкрыў электрон (1897) і вызначыў адносіны яго зараду да масы (1898). Прапанаваў адну з першых мадэлей атама (1903—04). Сканструяваў незалежна ад ням. фізіка К.​Браўна электронна-прамянёвую трубку (1897). Прапанаваў прынцып дзеяння мас-спектрометра (1907) і метад парабал (1911) для вызначэння мас часціц у іонных пучках, што прывяло да стварэння мас-спектраметрыі. Атрымаў першыя эксперым. звесткі аб існаванні ізатопаў, адкрыў 2 ізатопы неону (1912). Нобелеўская прэмія 1906. Медалі імя Б.​Франкліна (1923), імя М.​Фарадэя.

Тв.:

Рус. пер. — Электричество и материя. М.; Л., 1928;

По ту сторону электрона. М, 1930.

Літ.:

Тимирязев А.К. Жизнь и труды Дж.​Дж.​Томсона // Успехи химии. 1941. Т. 10, вып. 1;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 292—298, 372—378;

Гнедина Т.Е. Открытие Джи-Джи (Томсон);

Повесть об ученом. М., 1973.

А.​І.​Болсун.

Дж.​Дж.Томсан.

т. 15, с. 484

ТО́МСАН (Thomson) Джордж Паджэт (3.5.1892, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 10.9.1975),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1930). Сын Дж.​Дж.Томсана. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1914), дзе працаваў з 1919. З 1922 праф. Абердзінскага ун-та (Шатландыя), з 1930 — Імперскага каледжа навукі і тэхналогіі (Лондан), у 1952—62 узначальваў адзін з каледжаў у Кембрыджы. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, квантавай механіцы, тэорыі рассеяння мікрачасціц, эл. разрадах у газах. Незалежна ад амер. фізікаў К.​Дж.Дэвісана і Л.​Джэрмера адкрыў дыфракцыю электронаў, што эксперыментальна пацвердзіла хвалевыя ўласцівасці мікрааб’ектаў. Распрацаваў апаратуру і метады вывучэння электронаграм, што дало пачатак электронаграфіі. Нобелеўская прэмія 1937 (разам з Дэвісанам).

Тв.:

Рус. пер. — Атом. М.; Л., 1932;

Предвидимое будущее. М., 1958;

Дух науки. М., 1970.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 404—405.

А.​І.​Болсун.

Дж.П.Томсан.

т. 15, с. 484