Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТО́ЎКАЧ Анатоль Іларыёнавіч (н. 10.7.1929, в. Засялечча Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мастак. Вучыўся ў Кастрамскім маст. вучылішчы (1951—54). Працуе ў станковых жывапісе і графіцы (акварэль, гуаш), пераважна ў жанры гар. пейзажа. Творам уласцівы панарамная манументальнасць, распрацаваная кампазіцыйная будова. Сярод твораў: «Родны кут» (1957), «Горад жыве» (1960), «Магілёўская шаша» (1963), «Растуць новыя кварталы» (1965), «Цішыня» (1974), «Начны дазор» (1975), «Ільны Браслаўшчыны» (1976), «Віцебская панарама» (1980), «Працоўны дзень» і «Панарама Віцебска» (абодва 1990), «Стары Віцебск» (1991), «Стары Полацк» (1992), «Свята-Успенскі сабор Віцебска» (2000), «Здраўнёва» (2002).

І.​Л.​Чэбан.

т. 15, с. 493

ТОЎСТАГАЛО́ЎКІ (Hesperiidae),

сямейства дзённых матылёў. Каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 11 відаў. Найб. трапляюцца: Т. ружакветная (Pyrgus, або Hesperia, malvae), Т.-коска (Erynnis, або Hesperia, comma), разнакрылка-марфей (Heteropterus morpheus) і інш.

Размах крылаў да 7 см. Галава (адсюль назва) і тулава тоўстыя. Паміж булавападобнымі вусікамі валасяны чубок. На пярэдніх крылах усе 5 радыяльных жылак адыходзяць ад пасярэдняй ячэйкі. Матылі кормяцца нектарам кветак. Вусені патоўшчаныя, часам верацёнападобныя; жывуць паміж сплеценага лісця або адкрыта; кормяцца лісцем травяністых раслін (пераважна ружакветных і злакавых).

С.​Л.​Максімава.

Тоўстагалоўкі: 1 — разнакрылка-марфей; 2 — коска (а — дарослая асобіна; б — вусень); 3 — ружакветная.

т. 15, с. 493

ТО́ЎСТЫ Віктар Пятровіч (6.6.1914, в. Літавец Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 13.6.1993),

генерал-лейтэнант войск сувязі (1965). Скончыў Ленінградскае ваен. вучылішча сувязі (1937), Ваен. электратэхн. акадэмію сувязі (1941). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Ленінградскім, Данскім, Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 3-м Укр. франтах: нач. штаба асобнага палка сувязі, нач. сувязі стралк. корпуса. Удзельнік баёў пад Ленінградам, Сталінградам, на тэр. Малдовы, Румыніі, Венгрыі, Югаславіі, Аўстрыі. Да 1974 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

т. 15, с. 494

ТО́ЎСЦІК Уладзімір Антонавіч (н. 24.6.1949, Мінск),

бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1976 выкладае ў Бел. АМ (з 1996 праф., з 2001 заг. кафедры). Творчай манеры Т. ўласцівы свабоднае і вобразнае спалучэнне рэаліст. трактоўкі вобразаў з арыгінальнымі формамі і сродкамі рамантызму, сімвалізму, мадэрна. Часта выкарыстоўвае калажны прынцып кампазіцыі, востры і артыстычны малюнак спалучае са свабоднымі жывапіснымі плямамі і фактурнымі эксперыментамі. Творы вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дзе сучаснасць звязваецца з гісторыяй, інтымны свет з прыродным наваколлем, бел. рэаліі з заходнееўрапейскімі. У 1970—80-я г. звяртаўся да героіка-патрыят. і нац. праблематыкі: «Песня. Дакрананне» (1980), «А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю... (М.​Багдановіч)» (1981), «Год 1913, 9 лютага. Пецярбургская прэм’ера» (1982), «І проста лягу пад белы снег... Памяці У.​Караткевіча» (1986) і інш. З 1990-х г. стварае шматзначныя сінт. кампазіцыі алегарычнага характару, дзе часта вял. ролю адыгрываюць вобразы рамант. пачуццёвых жанчын: «Малітва» (1990), «Успамін аб Эладзе» (1992), «Жарт» (1993), «Серабро і золата» (1994), «На сцэне. Прэм’ера», «Восеньская казка», «Жанчыны, кветкі і птушкі», «Галасы мінулага», «Мелодыя для флейты» (усе 1995), «На Каляды ў Венецыі» (1996), «Вечны вершнік», «Цырк. Жанчына-воблака», «Цыганскі кароль» (усе 1997). Аўтар серыі «Святло і цені» (1993; Дзярж. прэмія Беларусі 1994). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.

Я.​Ф.​Шунейка.

У.Тоўсцік. Цырк. Жанчына-воблака. 1997.

т. 15, с. 494

ТО́ЎСЦІКАЎ Павел Фёдаравіч (26.10.1904, г. Барысаў Мінскай вобл. —24.4.1985),

Герой Сав. Саюза (1945), генерал-маёр (1945). Скончыў Кіеўскую пях. школу (1930), курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу (1949), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1953). У Чырв. Арміі з 1926. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Зах., Бранскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах: нач. аператыўнага аддзела штаба дывізіі, нам. нач. аператыўнага аддзела штаба арміі, нач. штаба стралк. дывізіі, корпуса, камандзір дывізіі. Дывізія на чале з палк. Т. вызначылася летам 1944 пры вызваленні Барысава, Мінска, у 1945 у баях за Кёнігсберг і Пілаў. Да 1957 у Сав. Арміі і цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР. Ганаровы грамадзянін г. Барысаў.

П.Ф.Тоўсцікаў.

т. 15, с. 494

Тоўсцік Аляксей Леанідавіч

т. 18, кн. 1, с. 462

Тоўсцік Аркадзь Апанасавіч

т. 18, кн. 1, с. 462