ТО́ЎСЦІК Уладзімір Антонавіч (н. 24.6.1949, Мінск),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). З 1976 выкладае ў Бел.АМ (з 1996 праф., з 2001 заг. кафедры). Творчай манеры Т. ўласцівы свабоднае і вобразнае спалучэнне рэаліст. трактоўкі вобразаў з арыгінальнымі формамі і сродкамі рамантызму, сімвалізму, мадэрна. Часта выкарыстоўвае калажны прынцып кампазіцыі, востры і артыстычны малюнак спалучае са свабоднымі жывапіснымі плямамі і фактурнымі эксперыментамі. Творы вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дзе сучаснасць звязваецца з гісторыяй, інтымны свет з прыродным наваколлем, бел. рэаліі з заходнееўрапейскімі. У 1970—80-я г. звяртаўся да героіка-патрыят. і нац. праблематыкі: «Песня. Дакрананне» (1980), «А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю... (М.Багдановіч)» (1981), «Год 1913, 9 лютага. Пецярбургская прэм’ера» (1982), «І проста лягу пад белы снег... Памяці У.Караткевіча» (1986) і інш. З 1990-х г. стварае шматзначныя сінт. кампазіцыі алегарычнага характару, дзе часта вял. ролю адыгрываюць вобразы рамант. пачуццёвых жанчын: «Малітва» (1990), «Успамін аб Эладзе» (1992), «Жарт» (1993), «Серабро і золата» (1994), «На сцэне. Прэм’ера», «Восеньская казка», «Жанчыны, кветкі і птушкі», «Галасы мінулага», «Мелодыя для флейты» (усе 1995), «На Каляды ў Венецыі» (1996), «Вечны вершнік», «Цырк. Жанчына-воблака», «Цыганскі кароль» (усе 1997). Аўтар серыі «Святло і цені» (1993; Дзярж. прэмія Беларусі 1994). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.