ТО́ЕСНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,
замена аднаго аналітычнага выразу іншым, тоесна яму роўным, але адрозным па форме (гл. Тоеснасць).
Мэта Т.п. — наданне выразу выгляду, больш зручнага для лікавых разлікаў ці далейшых пераўтварэнняў, для лагарыфмавання, дыферэнцавання, інтэгравання, рашэння ўраўненняў і інш. Да Т.п. адносяцца, напр., прывядзенне падобных членаў, раскрыццё дужак, раскладанне на множнікі, прывядзенне алг. дробаў да аднаго назоўніка і інш.
т. 15, с. 481
ТО́ЕСНАСЦІ ЗАКО́Н,
адзін з асн. законаў фармальнай логікі, згодна з якім кожнае завершанае суджэнне ў лагічных аперацыях пры паўтарэнні павінна мець аднолькавы, устойлівы змест; прынцып правільнай пабудовы думак у працэсе разважання. Сфармуляваны Арыстоцелем, які сцвярджаў, што абмеркаванне пэўнай праблемы павінна пачынацца з вызначэння агульнага сэнсу паняццяў, якімі карыстаюцца субяседнікі. У логіцы Т.з. сімвалічна выяўляецца ў выглядзе формулы A ёсць A, ці A=A, у матэм. логіцы — A→A, дзе A — пэўнае выказванне, а → — знак імплікацыі. На практыцы Т.з. прадугледжвае пэўнае абстрагаванне ад характару аб’ектаў выказвання, ад іх развіцця і змены, што правамоцна ў сувязі з адноснай устойлівасцю ўсіх з’яў. Т.з. дапаўняецца і развіваецца супярэчнасці законам і выключанага трэцяга прынцыпам.
В.М.Пешкаў.
т. 15, с. 481
ТО́ЕСНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,
фундаментальны прынцып квантавай механікі, паводле якога тоесныя часціцы пры квантавамех. апісанні іх станаў лічацца прынцыпова неадрознымі.
Гэта азначае, што станы фіз. сістэмы, якія адрозніваюцца перастаноўкамі тоесных часціц, лічацца адным станам; у адрозненне ад класічнай механікі, дзе за кожнай часціцай можна прасачыць па яе траекторыі, у квантавай механіцы паняцце траекторыі адсутнічае і тоесныя часціцы страчваюць сваю індывідуальнасць. З Т.п. вынікае, што сістэма тоесных базонаў павінна апісвацца поўнасцю сіметрычнымі (адносна перастановак каардынат і спінавых пераменных), а сістэма тоесных ферміёнаў — поўнасцю антысіметрычнымі хвалевымі функцыямі. З Т.п. вынікае таксама існаванне ў сістэмах тоесных часціц спецыфічных квантава-мех. абменных эфектаў, напр., абменнага ўзаемадзеяння.
А.А.Богуш.
т. 15, с. 481
ТО́ЕСНАСЦЬ,
гранічная роўнасць аб’ектаў, поўнае супадзенне іх родавых і індывідуальных уласцівасцей; захаванне прадметам ці з’явай адных і тых жа ўстойлівых уласцівасцей. Цесна звязана з катэгорыяй адрознення: вызначэнне пэўных прадметаў як тоесных патрабуе выяўлення іх адрознення ад нятоесных. У сувязі з пастаяннай змяняльнасцю рэчаіснасці мае адносны, часовы характар. Паняцце «Т.» выкарыстоўваюць у філасофіі, логіцы, матэматыцы (гл. Тоеснасць у матэматыцы). Адрозніваюць метафізічнае тлумачэнне Т., якое разглядае яе як вечную і нязменную роўнасць прадмета з самім сабой, і дыялектычнае, якое не выключае змену прадмета. Вылучаюць прынцыпы Т. абсалютнай (не прадугледжвае ўзнікнення адрозненняў паміж прадметамі), абстрактнай (заснаваны на часовым абстрагаванні ад адрозненняў прадметаў) і канкрэтнай (разглядае Т. у адзінстве з адрозненнямі прадметаў). Т. выяўляецца пры разглядзе рэчаў саміх па сабе і ў адносінах да інш. рэчаў, форм мыслення (гл. Тоеснасці закон), узаемаадносін адлюстравання і адлюстравальнага.
Н.Г.Кісялёва.
т. 15, с. 481
ТО́ЕСНАСЦЬ у матэматыцы,
роўнасць двух аналітычных выразаў, справядлівая пры любых дапушчальных значэннях пераменных.
Прыклады Т.: 1) (a + b)2 = a2 + 2ab + b2 пры ўсіх лікавых значэннях a і b; 2) logxy = logx + logy пры ўсіх дадатных значэннях x і y, 3) 1 + tg2x = 1/cos2x пры
, дзе k — любы цэлы лік. Для абазначэння Т. выкарыстоўваецца знак ≡, уведзены Г.Ф.Б.Рыманам (1857).
т. 15, с. 481
ТОЕ́СНЫЯ ЧАСЦІ́ЦЫ,
часціцы (ферміёны і базоны), якія пры квантава-мех. апісанні характарызуюцца аднолькавымі масамі, электрычнымі зарадамі, спінамі і інш. квантавымі лікамі. Напр., усе пратоны Сусвету лічацца тоеснымі. Усе Т.ч. падпарадкоўваюцца тоеснасці прынцыпу, а ферміёны — таксама і Паўлі прынцыпу.
т. 15, с. 481