ТО́ЕСНАСЦЬ,
гранічная роўнасць аб’ектаў, поўнае супадзенне іх родавых і індывідуальных уласцівасцей; захаванне прадметам ці з’явай адных і тых жа ўстойлівых уласцівасцей. Цесна звязана з катэгорыяй адрознення: вызначэнне пэўных прадметаў як тоесных патрабуе выяўлення іх адрознення ад нятоесных. У сувязі з пастаяннай змяняльнасцю рэчаіснасці мае адносны, часовы характар. Паняцце «Т.» выкарыстоўваюць у філасофіі, логіцы, матэматыцы (гл. Тоеснасць у матэматыцы). Адрозніваюць метафізічнае тлумачэнне Т., якое разглядае яе як вечную і нязменную роўнасць прадмета з самім сабой, і дыялектычнае, якое не выключае змену прадмета. Вылучаюць прынцыпы Т. абсалютнай (не прадугледжвае ўзнікнення адрозненняў паміж прадметамі), абстрактнай (заснаваны на часовым абстрагаванні ад адрозненняў прадметаў) і канкрэтнай (разглядае Т. у адзінстве з адрозненнямі прадметаў). Т. выяўляецца пры разглядзе рэчаў саміх па сабе і ў адносінах да інш. рэчаў, форм мыслення (гл. Тоеснасці закон), узаемаадносін адлюстравання і адлюстравальнага.
Н.Г.Кісялёва.
т. 15, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)