ТОЎСТАГАЛО́ЎКІ (Hesperiidae),

сямейства дзённых матылёў. Каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 11 відаў. Найб. трапляюцца: Т. ружакветная (Pyrgus, або Hesperia, malvae), Т.-коска (Erynnis, або Hesperia, comma), разнакрылка-марфей (Heteropterus morpheus) і інш.

Размах крылаў да 7 см. Галава (адсюль назва) і тулава тоўстыя. Паміж булавападобнымі вусікамі валасяны чубок. На пярэдніх крылах усе 5 радыяльных жылак адыходзяць ад пасярэдняй ячэйкі. Матылі кормяцца нектарам кветак. Вусені патоўшчаныя, часам верацёнападобныя; жывуць паміж сплеценага лісця або адкрыта; кормяцца лісцем травяністых раслін (пераважна ружакветных і злакавых).

С.​Л.​Максімава.

Тоўстагалоўкі: 1 — разнакрылка-марфей; 2 — коска (а — дарослая асобіна; б — вусень); 3 — ружакветная.

т. 15, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)