ТО́НАВА,
вёска ў Рубяжэвіцкім с/с Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе Рубяжэвічы—Хатава. Цэнтр калгаса. За 40 км на Пн ад Стоўбцаў, 71 км ад Мінска. 435 ж., 180 двароў (2002). Сярэдняя школа, клуб. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
Вядома з пач. 16 ст. як маёнтак Тонва кн. Алелькавічаў у Віленскім ваяв. ВКЛ. З 17 ст. ўласнасць Радзівілаў, Ю.Капчэўскага, Рдултоўскіх, Багушэвічаў, Сліжняў. З 1793 у Рас. імперыі. З 1861 вёска ў Слабодкаўскай, з 1878 у Рубяжэвіцкай вол. Мінскага пав. У 1897—519 ж., 78 двароў. З 1921 у Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Івянецкім, з 1962 у Стаўбцоўскім р-нах.
С.А.Галоўка.
т. 15, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)