ТО́НГА (Tonga),

Каралеўства Тонга (танганскае Pule’anga Fakatu’i ’o Tonga, англ. Kingdom of Tonga), дзяржава на аднайм. астравах на ПдЗ Ціхага акіяна. Пл. 748 км². Нас. 102,3 тыс. чал. (2002). Дзярж. мовы — танганская і англійская. Сталіца, гал. эканам. цэнтр і порт — г. Нукуалофа на в-ве Тангатапу. Краіна падзяляецца на 5 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 чэрв.).

Дзяржаўны лад. Т. — канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць. Дзейнічае канстытуцыя 1875 (з папраўкамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчы орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея (30 членаў: кароль, члены кабінета міністраў і асабістага савета караля, 9 членаў, якіх выбірае знаць, і 9 членаў, якіх выбірае насельніцтва на 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць кароль і кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Астравы вулканічныя (выш. да 1030 м, в-аў Као) і каралавыя (выш. некалькі м, некат. прыўзнятыя да 200 м). Найб. в-аў Тангатапу, пл. 257 км². Клімат трапічны марскі. Сярэднямесячныя т-ры ад 26 °C (люты) да 20 °C (жнівень). Ападкаў каля 2000 мм за год, на схілах гор да 3000 мм. Бываюць разбуральныя трапічныя ўраганы. На асобных астравах ёсць рэкі і ручаі, захаваліся трапічныя лясы (11% тэр.) з дрэвападобных папарацей, пальмаў, панданусаў. Жывёльны свет збеднены (пацукі, мышы, кажаны). Шмат птушак. Мора багатае рыбай, чарапахамі, малюскамі. Ёсць прыродаахоўныя рэзерваты.

Насельніцтва. Больш за 98% складаюць танганцы — адзін з палінезійскіх народаў. Жывуць невял. групы метысаў, палінезійцаў з інш. астравоў, еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты, ёсць католікі (16%) і мармоны (14%). Сярэднегадавы прырост 1,91% (2000) Сярэдняя шчыльн. 136,8 чал. на 1 км². З 150 астравоў заселены 45. Каля 68 тыс. чал. жыве на в-ве Тангатапу, дзе шчыльн. дасягае 264 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 43% (1997). У г. Нукуалофа каля 40 тыс. ж. (1998). 65% самадзейнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, марскіх промыслах. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю, Аўстралію і ЗША.

Гісторыя. А-вы Т. заселены палінезійцамі ў 2-м тыс. да н.э. У 10 ст. н.э. на Т. ўсталявалася ўлада правадыроў-жрацоў туі-тонга; у 15 ст. рэліг. і свецкая ўлады падзелены. У 1616 галандскія мараплаўцы В.​Схаўтэн і Я.​Лемер адкрылі 1-я з а-воў Т.; у 1643 А.Я.Тасман адкрыў буйнейшы з іх — Тангатапу; у 1773—74 Т. даследаваў Дж.Кук, які назваў іх а-вамі Таварыства. У 1797 на Т. з’явіліся еўрап. місіянеры. У 1831 яны схілілі ў хрысціянства правадыра а-воў Вавау — Таўфа’ахау Тупоу, які аб’яднаў пад сваёй уладай усе а-вы Т. і абвясціў сябе каралём Т. пад імем Георга Тупоу I [1845—93]. У 1875 прынята канстытуцыя Т., створаны парламент, значную частку якога складаюць прадстаўнікі традыц. арыстакратыі.

У 1900 Вялікабрытанія навязала каралю Георгу Тупоу II [1893—1918] дагавор, які ператварыў Т. ў брыт. пратэктарат. Новы дагавор 1958 даў Т. права знешнеэканам. зносін. У 1968 брыт. ўрад заключыў дагавор з каралём Таўфа’ахау Тупоу IV [з 1966] пра пераход Т. да незалежнасці; 4.7.1970 абвешчана незалежнасць. На Т. дзейнічае адна паліт. партыя — Нар. партыя.

Гаспадарка. Т. — слабаразвітая аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 1720 дол. (1999). 32,1% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 7,8% — у прам-сці і буд-ве, 7,3% — на транспарце і ў сувязі, 11% — у гандлі, рэстаранах і атэлях, 41,8% — у інш. абслуговых галінах. Гал. галіна — земляробства. Пад с.-г. ўгоддзямі 61,3 тыс. га, у т. л. пад ворывам 18 тыс. га, пад шматгадовымі насаджэннямі 38,8 тыс. га, пад пашай 4,5 тыс. га. Значная частка зямель належыць каралеўскай сям’і і спадчыннай арыстакратыі, якія здаюць яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць гаспадаркі пл. да 3 га. Штогадовы збор асн. культур (тыс. т.): какосавых арэхаў — каля 125, бананаў — каля 5, батату — 80, маніёку — 12, апельсінаў — 3, памідораў — 2. Асн. экспартныя культуры — какосавыя арэхі і бананы, а таксама какава, кава, ваніль, імбір, чорны перац, цытрусавыя, арахіс, манга, ананасы. Асн. харч. культуры — батат, маніёк, ямс, тара, хлебнае дрэва, кукуруза, рыс, бахчавыя, агародніна. У краіне каля 6 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 8 тыс. коней, 80 тыс. свіней, 10 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 270 тыс. курэй). Рыбалоўства (каля 2—3 тыс. т рыбы штогод). Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, пашыве адзення, выпуску спарт. абсталявання, зборцы з імпартаваных дэталей і вузлоў міні-экскаватараў. Вытв-сць электраэнергіі 35 млн. кВт∙гадз (1999). Развіты саматужныя рамёствы і промыслы: выраб нац. тканін і адзення, цыновак, сувеніраў. Транспарт аўтамаб. і марскі. Аўтадарог 680 км, у т. л. 184 км з цвёрдым пакрыццём, 3,4 тыс. легкавых, 3,6 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1996). Астравы злучаны паміж сабой рэйсамі невял. суднаў. Гал. порт Нукуалофа. 6 аэрапортаў, у т. л. міжнар. на в-ве Тангатапу. У 1998 экспарт склаў 8 млн. дол., імпарт — 69 млн. дол. У экспарце пераважаюць копра, бананы, кава, какава, ваніль, рыба, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, нафтапрадукты. Замежны турызм (у 1997/98—26,2 тыс. чал. пераважна з Новай Зеландыі, ЗША, Аўстраліі) і грашовыя пераводы грамадзян Т. з-за мяжы з’яўляюцца важнымі крыніцамі даходаў. Грашовая адзінка — паанга.

Літ.:

Малаховский К.В. Под Южным Крестом. М., 1974.

Герб і сцяг Тонга.
Да арт. Тонга. У танганскай вёсцы.

т. 15, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)