ТО́ЛКІН, Толкіен (Tolkien) Джон Рональд Руэл (3.1.1892, г. Блумфантэйн, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 2.9.1973), англійскі пісьменнік, вучоны-філолаг. У Англіі з 1895. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1911—14). З 1920 праф. Лідскага, з 1925 Оксфардскага ун-таў. Вядомасць прынесла казачна-гераічная эпапея «Валадар Кольцаў» (раманы «Брацтва Кальца», «Дзве крэпасці», абодва 1954; «Вяртанне караля», 1955; перапрацаванае выд. 1966; экранізаваны ў 2001), у якой праблемы гіст. лёсу чалавецтва, прыроды і шматаблічнасці зла, суадносін улады і дыктату. Эпічным сюжэтам і вобразам яго твораў адпавядаюць патэтычны стыль і насычанасць фантастыкай; у іх фалькл. вобразы суіснуюць з народжанымі ўласнай фантазіяй, у маст. тканку якой уплецены каламбуры, загадкі, шматсэнсавыя сімвалы. Аўтар аповесці-казкі «Хобіт, або Туды і назад» (1937), незавершаных твораў «Сільмарыліён» (выд. 1977), «Кніга згубленых паданняў» (выд. 1983—84). Апублікаваў манаграфіі пра Дж.Чосера (1934), пра эпас «Беавульф» (1937), слоўнік сярэднеангл. мовы, зб. артыкулаў і эсэ «Дрэва і ліст» (1964).
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. Тула, 1994.
Літ.:
Кошелев С.Л. Жанровая природа «Повелителя Колец» Дж.Р.Р.Толкина // Проблемы метода и жанра в зарубежной литературе. М., 1981. Вып. 6.
Е.А.Лявонава.
т. 15, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)