ТО́ГА (Togo),

Тагалезская Рэспубліка (République Togolaise), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ганай, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Бенінам. Пл. 56,8 тыс. км². Нас. 5018,5 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Ламе. Падзяляецца на 5 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 крас.).

Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным і прамым галасаваннем на 5 гадоў. Ён таксама з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, валодае правам заканад. ініцыятывы і можа распускаць парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад. Кіраўнік урада — прэм’ер-міністр, якога назначае прэзідэнт. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны Нац. сход (81 дэпутат, выбіраецца на 4 гады).

Прырода. У рэльефе пераважаюць слабахвалістыя раўніны і плато выш. 200—400 м, у цэнтры і на ПдЗ — горы выш. да 986 м, на Пд — прыморская акумуляцыйная нізіна з лагунамі. Карысныя выкапні: фасфарыты, баксіты, алмазы, жал. і хромавыя руды, вапнякі, мармур. Клімат субэкватарыяльны, на ўзбярэжжы з 2 максімумамі (сак.—чэрв. і вер.—кастр.) і 2 мінімумамі ападкаў, у глыбіні краіны з дажджлівым летнім (крас.—кастр.) і сухім зімовым сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 20 да 32 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Зімой часта дзьме сухі паўн.-ўсх. вецер харматан. Рэкі багатыя гідраэнергіяй. Пераважаюць высакатраўныя саванны. Лясы (20% тэр.) на схілах гор і ў далінах рэк. У складзе жывёльнага свету буйвал, леў, леапард, жыраф, антылопы, шакал, гіены, малпы, кракадзілы. Нац. паркі — Керан, Кве; рэзерваты.

Насельніцтва. Т. — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 99%. Найб. з іх — эве (каля 50% насельніцтва разам з блізкімі народамі, на Пд), кабрэ (на ПнУ), гурма і тэм (на Пн). У гарадах невял. колькасць французаў і арабаў. Сярод вернікаў 70% прытрымліваецца традыц. вераванняў, 20% хрысціян, 10% мусульман. Сярэднегадавы прырост 2,7% (2000). Сярэдняя шчыльн. 88,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 500 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны ўзбярэжжа і ПнУ. У гарадах жыве 32% насельніцтва (1998). Найб. гарады: Ламе (каля 600 тыс. ж. з прыгарадамі; 2000), Сакодэ і Кпаліме (каля 50 тыс. ж.). У сельскай гаспадарцы занята 66% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, у абслуговых галінах — 24%.

Гісторыя. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Т. з’явіліся партугальцы. Да сярэдзіны 19 ст. тэр. Т. — адзін з раёнаў найб. інтэнсіўнага гандлю рабамі. На момант еўрап. каланізацыі ў канцы 19 ст. найб. развітым з народаў Т. былі эве, якія стварылі на Пд шэраг дзярж. утварэнняў. Існавалі і дзярж. ўтварэнні катаколі — у цэнтры краіны і чакосі — на Пн. У 1884 Германія навязала пратэктарат эве, а да 1902 распаўсюдзіла сваю ўладу на ўсю тэр. Т. У 1-ю сусв. вайну тэр. Т. акупіравана брыт. і франц. войскамі (1914). Версальскі мірны дагавор 1919 замацаваў зах. Т. за Вялікабрытаніяй (у 1957 далучана да Рэспублікі Гана), усх. Т. — за Францыяй у якасці падмандатных тэрыторый Лігі Нацый. Пасля 2-й сусв. вайны Франц. Т. — падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Францыі. З 1956 Франц. Т. — самакіравальная рэспубліка ў складзе Франц. супольнасці.

27.4.1960 абвешчана незалежнасць Тагалезскай Рэспублікі. Партыя адзінства Т. (ПАТ) на чале з С.​Алімпіо, якая ўзначаліла ўрад Т., спрабавала стварыць аднапартыйны рэжым, у 1962 забараніла ўсе апазіцыйныя партыі. У выніку ваен. перавароту ў 1963 урад ПАТ скінуты, а Алімпіо забіты. Прэзідэнтам стаў Н.​Груніцкі, які спрабаваў ажыццявіць дэмакр. рэформы. Новы ваен. пераварот у 1967 прывёў да ўлады падпалкоўніка Г.​Эядэму (з 1972 — прэзідэнт Т.), які ўсталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым; адзінай дазволенай партыяй было Аб’яднанне тагалезскага народа. Выступленні апазіцыі прымусілі Эядэму ў 1991 дазволіць шматпартыйнасць, што не перашкодзіла яго абранню прэзідэнтам у 1993 і 1998. Т. — чл. ААН (з 1960), Афр. саюза. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднанне тагалезскага народа, Саюз за змены і інш.

Гаспадарка. Т. ўваходзіць у групу найбяднейшых краін свету і па класіфікацыі ААН займае 140-е месца паводле паказчыкаў сац.-эканам. развіцця. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 320 дол. за год (1999). Каля 42,2% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, лесаводстве, рыбалоўстве, паляўніцтве, каля 30,9% — у прам-сці, будаўніцтве, энергетыцы, транспарце і сувязі, каля 17,8% — у гандлі і турызме, 9,1% — у інш. абслуговых галінах. Урад праводзіць мерапрыемствы па ўзмацненні ролі дзяржавы ў эканоміцы. Дзяржава кантралюе б.ч. транспарту, вытв-сць электраэнергіі, здабычу фасфарытаў і інш. Адначасова прыцягваецца замежны (пераважана франц.) капітал. Сельская гаспадарка — асн. галіна эканомікі. Пераважаюць паўнатуральныя і дробнатаварныя гаспадаркі да 1—2 га. Ёсць плантацыі экспартных культур. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 3,4 млн. га зямлі, у т. л. каля 1,4 млн. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, каля 2 млн. га пад натуральнай пашай (саванны). Вытв-сць асн. харч. культур (1997/98, тыс. т): маніёку — 595,8, батату — 683, кукурузы — 452,8, сорга — 200,5, рысу — 86,2, бабовых — 46,7. Вырошчваюць таксама проса, ямс, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Гал. экспартныя культуры (штогадовы збор, тыс. т): арахіс — каля 40, кава — каля 6, какава — каля 15, бавоўна-сырэц — каля 45, ядры пальмавых арэхаў — каля 5. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, малатаварная, развіта ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы 222,8, свіней 850, коз 1110, авечак 740. Птушкагадоўля (7,5 млн. курэй). Буйн. раг. жывёлу гадуюць пераважна на Пн, свіней — на Пд. Рыбалоўства ва ўнутр. вадаёмах і моры (каля 10 тыс. т штогод). Паляўніцтва. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Вылучаецца горназдабыўная прам-сць, пераважна здабыча фасфарытаў (на Пд каля г. Акумапе, штогод каля 3 млн. т, 5—6-е месца ў свеце). Здабываюць таксама алмазы, кухонную соль (з марской вады), жал. руду, мармур, буд. матэрыялы. Каля 75% электраэнергіі імпартуецца з Ганы. У 1999 атрымана 90 млн. кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на цеплавых электрастанцыях, 7% на ГЭС. У апрацоўчай прам-сці дробныя прадпрыемствы па вытв-сці мукі, пальмавага і арахісавага алею, крухмалу і мукі з маніёку, безалкагольных напіткаў, парфумерных тавараў; саматужныя прадпрыемствы па ачыстцы бавоўны, першаснай апрацоўцы кавы і какавы. Ёсць некалькі значных прадпрыемстваў: нафтаперапр. з-д (Ламе), тэкст. ф-ка (Даджа), з-ды па вытв-сці лакаў і фарбаў, мыйных сродкаў, кіслароду і ацэтылену, зборцы веласіпедаў і мапедаў, абутковая і запалкавая ф-кі. Развіты саматужныя промыслы: выраб нац. адзення і абутку, хатніх рэчаў, простага с.-г. інвентару, сувеніраў з дрэва і слановай косці, ткацтва, пляценне і ганчарства. Шматлікія паўсаматужныя прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці харч. прадуктаў. Харч. тавары, напіткі і тытунёвыя вырабы складаюць 41,1% прамысл. прадукцыі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс. км, 1996): чыгункі 0,5, аўтадарог 7,5, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,4. У краіне 74,7 тыс. легкавых, 34,6 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. парты Ламе і Клеме (экспарт фасфарытаў). Праз порт Ламе ажыццяўляе значную частку сваіх знешнегандл. сувязей Буркіна-Фасо. У Т. 17 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Ламе і Ніямтугу. У 1999 экспарт склаў 400 млн. дол., імпарт — 450 млн. дол. У экспарце пераважаюць фасфарыты (каля 40%), кава (каля 5%), бавоўна, какава, пальмавы алей, арахіс; у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, абсталяванне і трансп. сродкі, нафта. Гал. гандл. партнёры: Францыя, Гана, Канада, Кітай. Эканоміка залежыць ад знешняй фін. і тэхн. дапамогі развітых дзяржаў. Турызм. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фін. т-ва.

Герб і сцяг Тога.
Да арт. Тога. Вёска на Пн краіны.

т. 15, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)