Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЦІ́ШЧАЎ Васіль Мікітавіч (29.4.1686. каля г. Пскоў, Расія — 26.7.1750),

расійскі дзярж. дзеяч, гісторык. Род Т. паходзіў ад смаленскіх князёў. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. баявых аперацый 1705—06 на тэр. ВКЛ і Польшчы, Палтаўскай бітвы 1709. Выконваючы ваен.-дыпламат. даручэнні Пятра I за мяжой, Т. узбагаціў свае веды ў галінах філасофіі і гісторыі, геаграфіі і горнай справы, эканам. і паліт. вучэнняў, што пазней дазваляла яму грунтоўна асвятляць адпаведныя пытанні ў сваіх творах і запісках. У 1720—22 і 1734—37 кіраўнік казённых заводаў на Урале, заснаваў г. Екацярынбург (1721); 1741—45 астраханскі губернатар. Аўтар прац па гісторыі, геаграфіі, філасофіі, эканоміцы (пры яго жыцці амаль не друкаваліся). На падставе шматлікіх летапісаў і інш. крыніц стварыў абагульняльную працу «Гісторыя Расійская з самых старажытнейшых часоў» (кн. 1—5, 1768—1848), дзе ўпершыню ў рас. гістарыяграфіі зрабіў спробу знайсці заканамернасці ў гіст. развіцці Расіі; гіст. прагрэс звязваў з развіццём асветы. Сярод выкарыстаных Т. крыніц былі летапісы, якія не дайшлі да нашага часу, у т. л. адзін са спісаў Полацкага летапісу. Па яго творах удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі: месца бітвы кн. Уладзіміра Святаславіча з Яраполкам (на р. Друць), прычыны нападу Уладзіміра Святаславіча на Полацк у 980 (напад полацкага кн. Рагвалода на ўладанні Ноўгарада), уладкаванне спраў полацкіх князёў з Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам у 1121, час заснавання Навагрудка (1044), Барысава (1102), акалічнасці ўзнікнення ВКЛ (вакол Навагрудскага княства), помсты Войшалка забойцам яго бацькі Міндоўга і інш. Т. упершыню даследаваў паходжанне тэрміна Белая Русь, які лічыў указаннем на прыгажосць і багацце гэтай зямлі і адносіў яго ўзнікненне да 12 ст. Даследаваў узнікненне герба ВКЛ «Пагоня», які лічыў запазычаным у стараж.-рус. княстваў. Т. паклаў пачатак этнаграфіі і крыніцазнаўства ў Расіі, упершыню апублікаваў Рускую праўду, Судзебнік 1550. Аўтар першага рас. энцыкл. слоўніка — «Лексікон расійскі гістарычны, геаграфічны, палітычны і грамадскі» (ч. 1—3, 1793, да літары «К»). Да праблем эканам. развіцця Расіі Т. падыходзіў з пазіцый развітога меркантылізму, адводзячы дзяржаве вырашальную ролю ў кіраўніцтве эканам. жыццём краіны. У працах па эканоміцы абгрунтоўваў тэорыю «гандл. балансу» і значную ролю купецтва ў павелічэнні даходаў дзяржавы. Адным з першых выказаў меркаванні аб неабходнасці банкаў, у т. л. для крэдытавання прам-сці і гандлю.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1994—96;

Записки. Письма, 1717—1750 гг. М., 1990.

Літ.:

Юхт А.И. Государственная деятельность В.​Н.​Татищева в 20-х — начале 30-х гг. XVIII в. М., 1985;

Шакинко И.М. В.​Н.​Татищев. М., 1987;

Кузьмин А.Г. Татищев. 2 изд. М., 1987;

Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2000;

Штыхаў Г.В. Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мн., 2002.

Г.​В.​Штыхаў, Р.​Ч.​Лянькевіч.

В.М.Тацішчаў.

т. 15, с. 464

«ТАЦЦЯ́НКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны, пераходзіць у жвавы. Выконваецца парамі і адной дзяўчынай — Таццянкай. Хлопцы па чарзе спяваюць куплеты аднайм. песні і танцуюць перад дзяўчынай, якая дэманструе абыякавасць да іх, потым выбірае аднаго з хлопцаў, былая партнёрка якога становіцца чарговай Таццянкай. Зафіксаваны ў канцы 19 ст. ў Дзісненскім павеце.

І.​М.​Хвораст.

т. 15, с. 465

ТА́ЦЫТ Публій Карнелій (Publius Cornelius Tacitus; каля 58, г. Інтэрамн, цяпер г. Тэрні, Італія — пасля 117),

старажытнарымскі гісторык і паліт. дзеяч. Займаў пасады прэтара (88), консула (97), праконсула правінцыі Азія (112—113). Аўтар прац: «Гісторыя» (з 14 кн. захаваліся 1—4 і часткова 5, нап. каля 105—107) ахоплівае жыццё Рыма і ўсёй імперыі 69—96; «Аналы» (з 16 кн. захаваліся 1—4, 11—15, нап. каля 115—117) асвятляюць гісторыю Рым. імперыі 14—68. У этнагр. і геагр. нарысе «Германія» (98) апісаў грамадскі лад, рэлігію і побыт стараж. германцаў. Гал. рухаючай сілай гісторыі лічыў волю і ўчынкі людзей, найперш імператараў, ідэалізаваў арыстакратычную рэспубліку. Звесткі Т. вызначаюцца дакладнасцю і ўяўляюць каштоўнасць як сведчанні відавочцы.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. М., 1993;

Анналы. Малые произведения. История. М., 2001.

Літ.:

Кнабе Г.С. Корнелий Тацит: Время. Жизнь. Книги. М., 1981;

Немировский А.И. Рождение Клио: У истоков ист. мысли. Воронеж, 1986.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 465