Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЎАНТЫНСУ́Ю (на мове кечуа — чатыры злучаныя стараны свету),

імперыя інкаў у 15 — пач. 16 ст. Стварэнне Т. пачалося з часу заваёўніцкіх паходаў інкскага правіцеля (сапа інка) Пачакутэка [1438—63]; працягваліся ў час кіравання Амару Інка Юпанкі [1463—71] і Тупак Інка Юпанкі [1471—93]. Пры Уайне Капаку [1493—1525] Т. ахоплівала тэр. сучасных Перу, Балівіі, Эквадора, ч. тэр. Аргенціны і Чылі. Яна падзялялася на 4 часткі (сую): Кальясую, Кандэсую, Чынчасую і Антысую, што павінна было сімвалізаваць вяршэнства вярх. правіцеля Т. над усімі 4 старанамі свету. Дзярж. лад Т. ўяўляў дэспатыю, пры якой вярх. правіцель спалучаў функцыі рэліг. і адм. улады. Пасля смерці ў 1525 Уайна Капака пачаліся міжусобіцы і грамадз. войны. Правіцель Атаўальпа захоплены ў палон іспанцамі на чале з Ф.Пісара і ў 1533 пакараны смерцю. Пасля гэтага тэр. Т. ўключана ў склад ісп. калан. уладанняў, хоць інкі працягвалі барацьбу ў цяжкадаступных раёнах; іх апошні правіцель Тупак Амару ўзяты іспанцамі ў палон і пакараны смерцю ў 1572.

Літ.:

Кузьмищев В.А. Царство сынов Солнца. 2 изд. М., 1985;

Стингл М. Государство инков: Слава и смерть «сыновей Солнца»: Пер. с чеш. М., 1986;

Березкин Ю.Е. Инки: Ист. опыт империи. М., 1991;

Инки: владыки золота и наследники славы: Пер. с англ. М., 1997.

т. 15, с. 458

ТАЎБАТЭ́ (Taubaté) горад на ПдУ Бразіліі, у даліне р. Параіба, штат Сан-Паўлу. Засн. ў 1646. Каля 200 тыс. ж. (2001). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: аўтамаб., лінейная вытв-сць, тэкст., харчовая. Ун-т. Арх. помнікі 17 ст. Паблізу здабыча гаручых сланцаў.

т. 15, с. 458

ТА́ЎБЕ (Taube) Генры (н. 30.11.1915, г. Саскатун, Канада),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1959), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1961). Скончыў Саскачэванскі ун-т (г. Рэджайна; 1937). З 1937 у Каліфарнійскім ун-це (г. Берклі; д-р філасофіі, 1940). З 1941 у Корнелскім (г. Ітака), з 1946 у Чыкагскім (з 1952 праф.), з 1962 у Станфардскім ун-тах. Навук. працы па даследаванні механізмаў рэакцый з пераносам электрона, пераважна ў водных растворах з удзелам комплексаў пераходных металаў. Даказаў (на прыкладзе трохвалентнага іона хрому) існаванне сальватаванага катыёну ў водным растворы (канец 1940-х г.). Нобелеўская прэмія 1983.

Г.Таўбе.

т. 15, с. 458

ТА́ЎБІН Юлі (Юдаль Абрамавіч; 15.9.1911, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 30.10.1937),

бел. паэт. У 1921 з бацькамі пераехаў у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Вучыўся ў БДУ (1931—33). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Цюмень, у 1937 зноў арыштаваны. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956 і 1957. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў паэзіі «Агні» (1930), «Каб жыць, спяваць і не старэць...», «Тры паэмы» (абодва 1931), «Мая другая кніга» (1932). Матывы сяброўства, прызначэння паэта і паэзіі ў творах 1920-х г. Рамантычна апяваў сучаснасць (паэма «Таўрыда», 1932). Пераклаў на бел. мову творы Г.​Гейнэ, У.​Маякоўскага, А.​Чэхава і інш.

Тв.:

Выбр. вершы. Мн., 1957;

Вершы. Мн., 1969.

Літ.:

Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971. С. 165—193;

Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968. С. 126—137.

Ю.Таўбін.

т. 15, с. 458

ТА́ЎГЕНЬ Алег Ігнатавіч (н. 6.10.1962, г. Валожын Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1995). Чл. кар. Бел. акадэміі адукацыі (1997). Скончыў БДУ (1984). З 1984 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. З 1992 у Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (прарэктар). З 1999 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (прарэктар; з 2000 рэктар). Адначасова з 1991 у БДУ (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па алгебры, методыцы выкладання матэматыкі, праблемах інфарматызацыі адукацыі. Распрацаваў камбінаторныя метады ў тэорыі лінейных груп. Вырашыў праблему Гратэндыка аб праканечных папаўненнях груп. Аўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для сярэдняй школы.

Тв.:

Алгебра. 4 выд. Мн., 1997 (у сааўт.);

Методы решения задач по математике: В 2 т. Т. 1. Мн., 2000 (разам з Ан.І.​Таўгенем).

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 458

ТАЎКАНІ́ЦА,

бел. нац. страва; тоўчаная бульбяная каша. Называлі таксама таўпеня. Чышчаную бульбу вараць, адцэджваюць, таўкуць, заскварваюць салам з цыбуляй. Ядуць з малаком, агуркамі, капустай. Часта з Т. рабілі камы, таўчонікі — галушкі, якія падсмажвалі ў масле, тлушчы або абкочвалі ў канапляным семі і падсмажвалі ў печы. Вядома паўсюдна, а пад назвай Т. — на Гродзеншчыне, Палессі.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 15, с. 458

ТАЎКАЧО́Ў Віталь Антонавіч (н. 28.6.1934, в. Скірмантава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Акад. Нац. АН Беларусі (2000, чл.-кар. 1984). Д-р фіз.-матэм. н. (1980), праф. (1990). Скончыў БДУ (1957). З 1957 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі (з 1984 заг. лабараторыі). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі, квантавай электроніцы. Распрацаваў тэорыю статыст. фарміравання фотафіз. характарыстык свабодных складаных малекул і прапанаваў метады іх эксперым. вывучэння. Стварыў лазер на электронных пераходах свабодных складаных малекул. Выявіў і даследаваў палярызацыю стымуляванага выпрамянення і палярызаванай флюарэсцэнцыі арыентацыйна анізатропнай пары складаных малекул. Устанавіў механізм дынамікі малекулярнага вярчальнага рэха. Ленінская прэмія 1980. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

О связи средних энергий сложных молекул, комбинирующих в поглощении и испускании // Журн. прикладной спектроскопии. 1978. Т. 29, № 6;

Генерация излучения сложными молекулами в газовой фазе (разам з М.​А.​Барысевічам) // Успеки физ. наук. 1982. Т. 138, № 4;

Динамика молекулярного вращательного эха // Докл. Нац. АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 3.

В.А.Таўкачоў.

т. 15, с. 458

ТАЎКАЧЫ́,

вёска ў Таўкачоўскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г. Шклоў, 38 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Лотва. 117 ж., 52 двары (2002). Клуб. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 15, с. 458

ТАЎКА́ЧЫК,

споравая расліна, гл. ў арт. Хвошч.

т. 15, с. 458

ТАЎКА́ЧЫК,

род шапкавых грыбоў, тое, што паплавок.

т. 15, с. 458