ТАЎАНТЫНСУ́Ю (на мове кечуа — чатыры злучаныя стараны свету),

імперыя інкаў у 15 — пач. 16 ст. Стварэнне Т. пачалося з часу заваёўніцкіх паходаў інкскага правіцеля (сапа інка) Пачакутэка [1438—63]; працягваліся ў час кіравання Амару Інка Юпанкі [1463—71] і Тупак Інка Юпанкі [1471—93]. Пры Уайне Капаку [1493—1525] Т. ахоплівала тэр. сучасных Перу, Балівіі, Эквадора, ч. тэр. Аргенціны і Чылі. Яна падзялялася на 4 часткі (сую): Кальясую, Кандэсую, Чынчасую і Антысую, што павінна было сімвалізаваць вяршэнства вярх. правіцеля Т. над усімі 4 старанамі свету. Дзярж. лад Т. ўяўляў дэспатыю, пры якой вярх. правіцель спалучаў функцыі рэліг. і адм. улады. Пасля смерці ў 1525 Уайна Капака пачаліся міжусобіцы і грамадз. войны. Правіцель Атаўальпа захоплены ў палон іспанцамі на чале з Ф.Пісара і ў 1533 пакараны смерцю. Пасля гэтага тэр. Т. ўключана ў склад ісп. калан. уладанняў, хоць інкі працягвалі барацьбу ў цяжкадаступных раёнах; іх апошні правіцель Тупак Амару ўзяты іспанцамі ў палон і пакараны смерцю ў 1572.

Літ.:

Кузьмищев В.А. Царство сынов Солнца. 2 изд. М., 1985;

Стингл М. Государство инков: Слава и смерть «сыновей Солнца»: Пер. с чеш. М., 1986;

Березкин Ю.Е. Инки: Ист. опыт империи. М., 1991;

Инки: владыки золота и наследники славы: Пер. с англ. М., 1997.

т. 15, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)