Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАІ́ДЗЕ,

грузінскія мастакі; бацька і сын. Нарадзіліся ў Тбілісі.

Майсей (Масе) Іванавіч (2.2.1871—17.6.1953), жывапісец. Нар. маст. СССР (1953). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Герой Працы (1932). Праф. Тбіліскай АМ (1930—53). У 1922 арганізаваў у Тбілісі Нар. маст. студыю. Аўтар твораў, прысвечаных нар. побыту, гісторыі Грузіі, партрэтаў: «Мцхетоба» (1899—1901), «Партрэт маці» (1904—05), «Ліст з фронту» (1942), «Песня перамогі» (1948).

Іраклій Майсеевіч (27.3.1902—1985), графік, жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1951). Нар. маст. Грузіі (1980). Вучыўся ў свайго бацькі Майсея Т. Скончыў Тбіліскую АМ (1930). Аўтар плакатаў, якім уласцівы эмацыянальнасць, прызыўныя сіла («Радзіма-Маці заве!», 1941), ілюстрацый да паэмы Шата Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (1937) і кнігі «Гісторыя Грузіі» (1950), жывапісных карцін. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1948, 1949, 1951.

І.Таідзе. Радзіма-Маці заве! 1941.

т. 15, с. 383

ТАІ́З,

горад на ПдЗ Йемена. Адзін са стараж. араб. гарадоў. Каля 300 тыс. ж. (2001). Гандл.-трансп. цэнтр. Міжнар. аэрапорт. Вытв-сць посуду, вырабаў з пластмас і алюмінію, харч. прадуктаў. Рамёствы. Мячэці аль-Музафар (13—14 ст.; рэстаўрыравана ў 17—18 ст.), аль-Ашрафія (13 ст.); гарадская сцяна з 2 варотамі і цытадэллю. Паблізу мячэць Джанадыя (7 ст.).

т. 15, с. 383

ТА́ІНСТВЫ,

у хрысціянстве абрадавыя дзеянні, у якіх «пад бачным абразом паведамляецца вернікам нябачная боская ласка». Праваслаўе і каталіцызм прызнаюць Т. хрышчэння, прычасця, свяшчэнства, споведзі, мірапамазання, шлюбу, ялееасвячэння (саборавання). У большасці пратэстанцкіх плыней спраўляюцца толькі хрышчэнне і прычасце, якія разглядаюцца як сімвалічныя абрады, што не адрозніваюцца ад іншых. Паводле вучэння царквы, Т. ўстаноўлены Ісусам Хрыстом. Яны ў хрысціянскі культ уводзіліся на працягу доўгага часу. Спачатку хрышчэнне і прычасце, потым свяшчэнства і толькі ў 4—5 ст. — астатнія Т. Вытокі Т. узыходзяць да вераванняў, магічных дзеянняў стараж. людзей, якія былі ўпэўнены ў магчымасці непасрэдных зносін са звышнатуральнымі сіламі, уздзеяння на іх. Пры ўстанаўленні Т. хрысціянства запазычыла шмат элементаў з усх. рэлігій. Вял. ўвагу царква аддае правільнаму выкананню Т. з абавязковым удзелам у іх духоўных асоб, чым падкрэсліваецца роля царквы як пасрэдніцы паміж Богам і людзьмі. Гэта ўмова не прызнаецца пратэстанцкімі цэрквамі, якія адмаўляюць ідэю пасрэдніцтва царквы ў зносінах чалавека з Богам.

т. 15, с. 383

ТАІ́РАЎ (сапр. Корнбліт) Аляксандр Якаўлевіч

(6.7.1885, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна — 25.9.1950),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1935). Творчую дзейнасць пачаў у 1905 як акцёр, з 1908 — рэжысёр. Заснавальнік (сумесна з А.​Коанен) і маст. кіраўнік Камернага т-ра (1914—49) у Маскве. Адзін з рэфарматараў рус. сцэны. Імкнуўся да стварэння «сінтэтычнага т-ра» — пераважна рамант. і трагедыйнага рэпертуару, выхавання ў акцёраў віртуознага майстэрства, пераўтварэння сцэн. прасторы. Сярод пастановак: «Фаміра-кіфарэд» І.​Аненскага (1916), «Саламея» О.​Уайльда (1917), «Прынцэса Брамбіла» паводле Э.Т.​А.​Гофмана (1920), «Федра» Ж.​Расіна (1922), «Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла (1926), «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (1933), «Мадам Бавары» паводле Г.​Флабера (1940) і інш.

т. 15, с. 383

ТАІ́ЦІ (Tahiti),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы вялікі ў групе астравоў Таварыства, у складзе Палінезіі Французскай, уладанне Францыі. Пл. 1042 км². Нас. каля 140 тыс. чал. (2000). Складаецца з 2 горных масіваў, злучаных вузкім (да 2 км) перашыйкам. Выш. да 2241 м (г. Арахена). Абкружаны каралавымі рыфамі. Клімат трапічны марскі. Ападкаў 1400 мм за год. Вільготныя трапічныя лясы. На берагавой нізіне плантацыі какосавых пальмаў, бананаў, цукр. трыснягу, ванілі, ананасаў. Вырошчваюць тара, ямс, батат, маніёк і інш. Здабыча жэмчугу. Рыбалоўства. Турызм. На Т. адм. цэнтр і асн. порт Палінезіі Франц. — Папеэтэ.

т. 15, с. 383