Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТА́ХА, Тэжу (ісп. Tajo, партуг. Tejo),

рака ў Іспаніі і Партугаліі, самая вялікая на Пірэнейскім п-ве. Даўж. 1010 км, пл. бас. 81 тыс. км². Вытокі ў гарах Універсалес, перасякае з У на З пласкагор’е Месета, у ніжнім цячэнні — Партугальскую нізіну. Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый даўж. каля 45 км. Мнагаводная ад ліст. да сакавіка. Сярэдні расход вады каля мяжы Іспаніі з Партугаліяй 438 м³/с. ГЭС, вадасховішчы. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная на 185 км да г. Абрантыш, для марскіх суднаў да г. Сантарэн. На Т. — гарады Таледа (Іспанія), Сантарэн (Партугалія), у эстуарыі — сталіца Партугаліі Лісабон.

т. 15, с. 463

ТАХАГЕНЕРА́ТАР (ад грэч. tachos хуткасць, скорасць + генератар),

электрамашынны генератар, прызначаны для вымярэння частаты вярчэння або вуглавога паскарэння валоў машын і механізмаў, жорстка звязаных з ротарам Т., па значэнні яго эрс або частаты апошняй. Адрозніваюць Т. пераменнага току (асінхронныя з полым ротарам і сінхронныя) і пастаяннага току (з незалежным узбуджэннем або з пастаяннымі магнітамі).

т. 15, с. 463

ТАХА́РЫ,

1) народ, які ў 140—129 да н.э. з’явіўся ў Сярэдняй Азіі і знішчыў Грэка-Бактрыйскае царства. Адна з груп Т. у канцы 1 ст. да н.э. — пач. 1 ст. н.э. стварыла Кушанскую дзяржаву. Т. размаўлялі на мове іранскай групы, якая захоўвалася да канца 1-га тыс. н.э. 2) Умоўная назва носьбітаў т. зв. тахарскіх моў, якія жылі ў старажытнасці ў Сярэдняй Азіі і Усх. Туркестане і да канца 1-га тыс. н.э. асіміляваны цюркамі.

т. 15, с. 463

ТАХАРЫСТА́Н,

назва гіст. вобласці, якая ахоплівала Паўд. Узбекістан і Таджыкістан і Пн Афганістана; ужывалася ў 5—13 ст. Паходзіць ад назвы народа тахараў.

т. 15, с. 463

ТАХЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,

від тапаграфічнай здымкі мясцовасці тахеометрам. Пры Т.з. вымяраюць гарыз. і верт. вуглы, адлегласць і перавышэнне здымачнага пункта (пікета) адносна здымачнай станцыі. Планава-вышынным абгрунтаваннем Т.з. з’яўляюцца пункты дзярж. геад. сеткі, тахеаметрычныя і інш. хады. Паводле даных Т.з. складаюць тапаграфічныя карты (маштаб 1:500—1:5000) і планы мясцовасці з адлюстраваннем рэльефу гарызанталямі. Выкарыстоўваецца пры праектаванні дарог, трубаправодаў, каналаў, у буд-ве, геолагаразведачных работах і інш.

П.​П.​Явід.

т. 15, с. 463

ТАХЕО́МЕТР [ад грэч. tachys (tacheos) хуткі + ...метр],

геадэзічная прылада для вымярэння на мясцовасці гарыз. і верт. вуглоў, адлегласцей і перавышэнняў пры тахеаметрычнай здымцы. Бывае электронны, намаграмны, дыферэнцыяльны і ўнутрыбазавы. Электронны Т. уключае святлодальнамер і вылічальны блок, што дазваляе атрымліваць неабходныя велічыні і запісваць іх на носьбіты інфармацыі для складання тапаграфічнага плана, лічбавай мадэлі мясцовасці.

П.​П.​Явід.

Тахеометр.

т. 15, с. 463

ТАХІЁНЫ (ад грэч. tachys хуткі),

гіпатэтычныя часціцы, што рухаюцца са скорасцю, большай за скорасць святла ў вакууме. Эксперыментальна не выяўлены. Іх існаванне не супярэчыць адноснасці тэорыі, аднак вядзе да цяжкасцей з пункту гледжання прычыннасці прынцыпу. Ад гэтых цяжкасцей пазбаўляюцца дапушчэннем, што Т. ўзнікаюць у працэсах узаемадзеяння як віртуальныя часціцы і ў свабодным стане не назіраюцца.

т. 15, с. 463

ТАХІКАРДЫ́Я (ад грэч. tachys хуткі + kardia сэрца),

павелічэнне частаты сардэчных скарачэнняў больш як 90 за 1 мін у спакоі (у нованароджаных норма 120—140). Адрозніваюць фізіял. (ад перанапружання ў час фіз. працы, ад спякоты і інш.) і паталаг. Т. (захворванні сэрца, інш. органаў, ліхаманка, анемія), пастаянную і прыступападобную. Пры выражанай Т. адзначаецца слабасць, галавакружэнне, боль у вобласці сэрца. Лячэнне тэрапеўт., хірург. і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 463

ТАХІ́НЫ, вожыка-мухі,

мухі-скаралёткі (Tachinidae),

сямейства круглашыўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць сярод расліннасці, на кветках, лісці. На Беларусі найб. трапляюцца стурмія скутэлята (Sturmia scutellata), Т.-хрушчаедка (Microphthalma disjuncta), Т. вялікая (Tachina grossa), Т. рыжая (T. fera), фазія залацістая (Clytiomyia helluo) і інш.

Даўж. да 20 мм. Цела ўкрыта шорсткімі доўгімі шчацінкамі (адсюль другая назва). Дарослыя кормяцца нектарам кветак, выдзяленнямі тлей і чарвяцоў; лічынкі большасці Т. — паразіты вусеняў матылёў, клапоў, лічынак жукоў, некат. дажджавых чарвей і дробных пазваночных. Акукліваюцца ў глебе ці ў целе гаспадара. Некат. віды Т. выкарыстоўваюць у якасці біял. сродку барацьбы са шкоднымі беспазваночнымі.

С.​Л.​Максімава.

Тахіны: 1 — вялікая; 2 — феракс; 3 — карцэлія бамбіланс; 4 — блефарыпода скутэлята.

т. 15, с. 463

ТАХІРЫ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

іранскае дзярж. ўтварэнне ў 9 ст. Узнікла ў пач. 9 ст. ў працэсе распаду Абасідаў халіфата. Заснавальнік Т.дз. — Тахір ібн Хусейн

[821—828],

намеснік Абасідаў у Харасане (на тэр. сучасных Ірана, Туркменістана і Афганістана). Яго сыны Тальха [822—828] і Абдалах [828—844], які ўсталяваў сталіцу ў г. Нішапур, зрабілі Т.дз. фактычна незалежнай пры фармальным вяршэнстве Абасідаў. У Т.дз. пачаўся працэс складання новай, мусульм. перс. культуры. У 873 Т.дз. заваявана эміратам Сафарыдаў.

т. 15, с. 464