ТАХІ́НЫ, вожыка-мухі,

мухі-скаралёткі (Tachinidae),

сямейства круглашыўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць сярод расліннасці, на кветках, лісці. На Беларусі найб. трапляюцца стурмія скутэлята (Sturmia scutellata), Т.-хрушчаедка (Microphthalma disjuncta), Т. вялікая (Tachina grossa), Т. рыжая (T. fera), фазія залацістая (Clytiomyia helluo) і інш.

Даўж. да 20 мм. Цела ўкрыта шорсткімі доўгімі шчацінкамі (адсюль другая назва). Дарослыя кормяцца нектарам кветак, выдзяленнямі тлей і чарвяцоў; лічынкі большасці Т. — паразіты вусеняў матылёў, клапоў, лічынак жукоў, некат. дажджавых чарвей і дробных пазваночных. Акукліваюцца ў глебе ці ў целе гаспадара. Некат. віды Т. выкарыстоўваюць у якасці біял. сродку барацьбы са шкоднымі беспазваночнымі.

С.​Л.​Максімава.

Тахіны: 1 — вялікая; 2 — феракс; 3 — карцэлія бамбіланс; 4 — блефарыпода скутэлята.

т. 15, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)