Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЕ́ЖНАЯ ЗО́НА.

барэальная лясная зона, прыродная геагр. зона, у ландшафтах якой пераважае тайга. Часам разглядаецца як падзона ў складзе адзінай лясной зоны ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я. Размешчана паміж лесатундравай зонай (на Пн) і мяшаных лясоў зонай і лесастэпавай зонай (на Пд); працягваецца з 3 на У прыблізна на 9 тыс. км пераважна ў Еўразіі, таксама ў Паўн. Амерыцы. На У Еўразіі ўздзеянне халоднага зімовага мусону садзейнічае далёкаму пранікненню тайгі на Пд. Клімат ад акіянічнага да рэзка кантынент., з халоднай (ад -10 °C да -20 °C, у Паўн.-Усх. Сібіры да -50 °C і ніжэй) снежнай зімой і параўнальна цёплым (10—20 °C) вільготным летам. Колькасць ападкаў 300—600 мм за год, пераважае выпаральнасць, што спрыяе інтэнсіўнай забалочанасці тэрыторыі і мнагаводнасці рэк. На значнай ч. Сібіры пашырана шматгадовая мерзлата, што адмоўна адбіваецца на расл. і глебавым покрыве. Пераважаюць бедныя ў відавым складзе цемнахвойныя (з елкі і піхты) і светлахвойныя (пераважна з лістоўніцы) лясы, з дамешкам драбналістых парод на падзолістых і мярзлотна-таежных глебах. Прысутнічае мохавае покрыва, кусцікавы ярус. У гарах таежныя ландшафты ўтвараюць самаст. вышынны пояс. У Т.з. развіта лясная гаспадарка, паляўнічы промысел, па далінах рэк пашы, сенакосы. У Зах. Сібіры — радовішчы нафты і газу.

В.​С.​Аношка.

т. 15, с. 382

ТАЕ́МНІК (Lathraea),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. 7 відаў. Пашыраны ва ўмеранай вобласці Еўразіі. На Беларусі 1 від — Т. лускаваты (L. squamaria), нар. назвы грымотнік, цар-трава, вясёлка. Трапляецца вясной у лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, паразітуе пераважна на каранях ляшчыны.

Шматгадовыя бесхларафільныя расліны. якія паразітуюць на каранях дрэў і кустоў. Карэнішчы крыжападобна разгалінаваныя. мясістыя, сакаўныя. Сцёблы малінава-ружаватыя, выш. да 25 см, летам адміраюць. Лісце супраціўнае, лускаватае, лілова-ружаватае. Кветкі невял., малінава-чырв., у аднабокім верхавінкавым суквецці. Плод — каробачка.

А.​М.​Скуратовіч.

Таемнік лускаваты.

т. 15, с. 382