ТАЭКВАНДО́, тэквандо, тхэквандо [англ. tack wondo ад кар. таэ (тэ) — літар. — удар нагой + кван — удар рукой + до — шлях], від спарт. барацьбы, адзін з відаў усх. адзінаборстваў. Сутнасць паядынку — адбіць атаку праціўніка пры дапамозе рук і ног; мэта — нанесці саперніку найб. колькасць заліковых удараў. Паядынак адбываецца на пляцоўцы 12 × 12 м, складаецца з 3 раундаў па 3 мін. Спартсмены падзяляюцца на 8 вагавых катэгорый.
Як від адзінаборстваў узнік у Карэі каля 2 тыс. г. назад, як від спорту склаўся ў 1950-х г.: тэрмін «Т.» з’явіўся ў 1955. Сусв. федэрацыя Т. засн. ў 1973, аб’ядноўвае 47 краін (2002). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1973; жанчыны ўдзельнічаюць з 1987. Найб. развіта ў краінах Еўропы, Паўд.-Усх. Азіі, Паўн. Амерыкі.
На Беларусі секцыі Т. з’явіліся ў пач. 1980-х г. Федэрацыя Т. краіны прынята ў еўрап. федэрацыю ў 2000. Нац. зборная каманда Беларусі на XV чэмпіянаце свету (2002, Карэя) заняла 8-е агульнакаманднае месца; мужчынская каманда — бронз. прызёр IX чэмпіянату Еўропы (2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся прызёры чэмпіянатаў свету: М.Жураўская і А.Чарняўская (2001, 2002); Еўропы: М.Зыгмантовіч, І.Рамашкевіч (1994), Ю Сухавіцкая (1998), А.Макараў, В.Міхельсон, К.Шуша (2000) і інш.
т. 15, с. 466