Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАПАГРАФІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,

сукупнасць работ па вызначэнні становішча характэрных пунктаў мясцовасці для атрымання графічнай ці аналітычнай яе мадэлі — тапаграфічнай карты. Падзяляецца на аэрафотатапагр., фотатэадалітную, мензульную і тахеаметрычную. Палявыя работы пры Т.з. ўключаюць: выпрацоўку планава-вышыннага абгрунтавання на аснове геад. сетак (пракладка тэадалітных і нівелірных хадоў, мікратрыянгуляцыя, геадэзічныя засечкі), здымку характэрных пунктаў сітуацыі і рэльефу; камеральныя работы — вылічэнні, апрацоўку аэра- і фотатэадалітных здымкаў і пабудову арыгінала карты. Асн. Т.з. — аэрафотатапаграфічная, якая ўключае камбінаваную і стэрэатапаграфічную здымку. Камбінаваная здымка выконваецца мензульным спосабам на фотапланах, якія вырабляюць з аэраздымкаў. Гл. таксама Аэрафотаздымка, Аэрафотатапаграфія, Тапаграфія.

П.​П.​Явід.

т. 15, с. 427

ТАПАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

агульнагеаграфічныя карты дзяржавы, на якіх дэталёва адлюстроўваюцца размешчаныя на мясцовасці прыродныя і сац.-эканам. аб’екты, іх якасныя і колькасныя характарыстыкі. Падзяляюцца на аглядна-тапагр. (маштабы 1 : 500 000, 1 : 1 000 000), уласна тапагр. (1 : 5 000—1 : 200 000) і тапагр. планы (1 : 500, 1 : 1000, 1 : 2000). Сярод уласна Т.к. адрозніваюць буйнамаштабныя (1 : 5 000, 1 : 10 000), сярэднемаштабныя (1 : 25 000, 1 : 50 000) і дробнамаштабныя (1 : 100 000, 1 : 200 000). Да Т.к. адносяць таксама фота-, аэра-, космафатаграфічныя і лічбавыя (пераўтварэнне картаграфічнай інфармацыі з графічнай у лічбавую форму) карты.

Складаюць асобнымі лістамі, абмежаванымі мерыдыянамі і паралелямі. аб’яднанымі адзінай картаграфічнай праекцыяй (роўнавугольная папярочна-цыліндрычная Гаўса—Кругера), сістэмай разграфкі і наменклатуры (умоўнае абазначэнне лістоў) і ўмоўнымі знакамі. Праецыраванне зямной паверхні ажыццяўляецца на аснове дзярж. геад. сеткі па шасціградусных геад. зонах. кожная з якіх мае самаст. сістэму прамавугольных каардынат, што ў выглядзе кіламетровай квадратнай сеткі наносіцца на карты адносна іх восей — сярэдняга мерыдыяна зоны і экватара. На Т.к. тапаграфічнымі ўмоўнымі знакамі паказаны граніцы, гідраграфія, рэльеф, расл. покрыва, грунты. нас. пункты. шляхі зносін, прыродныя, прамысл., с.-г. і сац.-культ. аб’екты і інш. Т.к. ствараюцца і абнаўляюцца паводле матэрыялаў аэрафотатапагр. і касм. здымак, наземных мензульнай і тахеаметрычнай здымак. Выкарыстоўваюцца для арыентавання, дакладных вымярэнняў і разлікаў, складання агульнагеагр. і тэматычных карт. праектна-пошукавых і інш. геал. работ. ваен. справы і г.д. Гл. таксама Аэрафотатапаграфія, Тапаграфічная здымка, Тапаграфія.

П.​П.​Явід.

т. 15, с. 428

ТАПАГРАФІ́ЧНЫЯ ЎМО́ЎНЫЯ ЗНА́КІ,

графічныя, каляровыя і шрыфтавыя абазначэнні для адлюстравання мясцовасці на тапаграфічных картах. Паказваюць становішча, форму і памеры аб’ектаў, іх якасныя і колькасныя характарыстыкі. На картах рознага маштабу яны маюць адзіную аснову паводле рысунка, колеру, шрыфтоў. Графічныя абазначэнні падзяляюцца на маштабныя (знешні контур аб’екта). пазамаштабныя (знакі ў выглядзе геам. фігур), лінейныя (для аб’ектаў лінейнай формы, напр., рэкі, дарогі, таксама гарызанталі рэльефу) і тлумачальныя (дапаўняюць характарыстыку аб’ектаў). Шрыфтавыя надпісы перадаюць уласныя геагр. назвы, від, якасныя і колькасныя характарыстыкі аб’ектаў.

П.​П.​Явід.

т. 15, с. 428

ТАПАГРА́ФІЯ (ад грэч. topos месца + ...графія),

навукова-тэхн. галіна геадэзіі, якая займаецца геам. вывучэннем мясцовасці. Асн. задачы Т.: распрацоўка метадаў стварэння тапаграфічных карт на падставе тапаграфічных здымак, іх класіфікацыі, зместу і дакладнасці, метадаў іх абнаўлення і інш.

Станаўленне Т. адносіцца да 16 ст. Наземныя тапаграфічныя здымкі (мензульная, тахеаметрычная) праводзяцца з 18 ст. пасля распрацоўкі метаду трыянгуляцыі. З 1-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца матэрыялы аэрафотаздымкі. у 2-й пал. 20 ст. з’явілася касмічная здымка (гл. таксама Аэракасмічныя метады). Мензульная, тэадалітная і інш. здымкі выкарыстоўваюцца пераважна на невял. участках. Для сучаснага этапу развіцця Т. характэрна ўкараненне сродкаў аўтаматызацыі для тапагр. здымак з атрыманнем інфармацыі ў лічбавай форме, што дазваляе ствараць і абнаўляць карты, аўтаматызаваць працэсы падрыхтоўкі арыгіналаў і інш.

На Беларусі першыя вымярэнні зямельных плошчаў і складанне планаў адбыліся ў 2-й пал. 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. пры правядзенні «Валочнай памеры». Навукова абгрунтаваныя тапографа-геад. работы пачаліся ў 1753 у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. У 1816—21 на тэр. Віленскай. Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай губ. створана апорная геад. сетка метадам трыянгуляцыі, на аснове якой рабіліся тапагр. здымкі ў маштабах 1: 21 000, 1 : 42 000 і 1 : 84 000. У 2-й пал. 20 ст. тэр. краіны закартаграфавана ў маштабе 1 : 10 000 (асобныя часткі — у буйнейшых). Тапографа-геад. работы выконваюць вытв. прадпрыемствы «Белгеадэзія» і «Космааэрагеадэзія» Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Парамонов А.Г., Сомов В.Д., Черноглазов Н.В. Основы топографии и аэрофотосъемки. М., 1991;

Топография с основами геодезии. М., 1986.

П.​П.​Явід.

т. 15, с. 428

ТАПАГРА́ФІЯ ВАЕ́ННАЯ,

галіна тапаграфіі, якая выкарыстоўваецца ў ваен. справе для атрымання інфармацыі аб мясцовасці ў інтарэсах баявой дзейнасці войск. Уключае: распрацоўку тэорыі і практыкі тапографа-геадэзічнага забеспячэння баявых дзеянняў, у т. л. арганізацыі і методыкі тапагр. падрыхтоўкі войск: вывучэнне тапагр. карт, аэраздымкаў і інш. дакументаў пра мясцовасць і іх выкарыстанне для кіравання войскамі; распрацоўку спосабаў і сродкаў разведкі мясцовасці, арыентавання і вымярэнняў пры падрыхтоўцы да баявых дзеянняў; складанне баявых графічных дакументаў і інш. Т.в. грунтуецца на дасягненнях геадэзіі, картаграфіі і асновах ваен. навукі.

П.​П.​Явід.

т. 15, с. 428

ТАПАЖО́С (Tapajós),

рака ў Бразіліі, правы прыток р. Амазонка. Утвараецца ад сутокаў рэк Журуэна і Тэліс-Пірыс (Сан-Мануэл), якія пачынаюцца на ўзв. Сера-дус-Парэсіс. Даўж. ад вытоку р. Журуэна 2200 км, пл. бас. 487 тыс. км². Цячэ па Бразільскім пласкагор’і, утварае парогі і вадаспады, ніжняе цячэнне па Амазонскай нізіне. Мнагаводная ад ліст. да сакавіка. Сярэдні расход вады 15,5 тыс. м³/с. Суднаходная ад г. Сан-Луіс (300 км ад вусця). У вусці Т. — г. Сантарэн.

т. 15, с. 429

ТАПА́З (грэч. topazos, магчыма, ад назвы аднайм. в-ва ў Чырвоным м.; цяпер Сент-Джон),

мінерал падкласа астраўных сілікатаў, Al2[SiO4](OH, F)2, Мае да 17% фтору, прымесі жалеза, тытану, хрому, ванадыю і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі прызматычныя. Колер блакітны, фіялетавы, жоўты, аранжавы, ружовы, бясколерны, часта празрысты. Цв. 8. Шчыльн. 3,5 г/см³. Паходжанне пнеўматаліта-гідратэрмальнае. Трапляецца ў гранітных пегматытах і грэйзенах; часта ў россыпах. Каштоўны камень. Радовішчы на Украіне, у Расіі, Бразіліі, Пакістане, Мадагаскары.

Тапаз.

т. 15, с. 429

ТАПАЛАГІ́ЧНАЯ А́ЛГЕБРА,

раздзел алгебры, што вывучае розныя тапалагічныя сістэмы (групы, паўгрупы, кольцы, алгебры, вектарныя прасторы і інш.), якім нададзены тапалогіі, з неперарыўнымі алг. аперацыямі ў дачыненні да гэтых сістэм. Асн. пытанні, якія разглядаюцца ў Т.а., — існаванне тапалогій у алг. сістэмах, што пераўтварае іх у тапалагічныя алг. сістэмы, прадаўжэнні тапалогій на пашырэнні алг. сістэм, уласцівасці тапалогій алг. сістэм, напр., магчымасць задання тапалогій з дапамогай метрыкі, нормы і інш.

т. 15, с. 429

ТАПАЛАГІ́ЧНАЯ ПРАСТО́РА,

сукупнасць мноства, якое складаецца з элементаў адвольнай прыроды (пунктаў дадзенай прасторы), і тапалогіі, уведзенай у дадзенае мноства. Калі адсутнічае процілеглае, тапалогія лічыцца адкрытай.

Агульнасць паняцця Т.п. абмяжоўваецца ўмовамі, накладзенымі на лімітныя суадносіны (аксіёмы Т.п.), напр., зададзенае мноства T і пустое мноства-адкрытыя, аб’яднанне любога ліку адкрытых мностваў і перасячэнне любога канечнага ліку адкрытых мностваў таксама адкрытыя. Важны клас Т.п. ствараюць метрычныя прасторы. напр., лікавая прамая, n-мерная эўклідава і функцыянальная прасторы. Т.п. вывучаюцца тапалогіяй і выкарыстоўваюцца ў матэматыцы, з’яўляюцца асновай вызначэння паняццяў: мнагастайнасць, група Лі, рыманава прастора і інш.

т. 15, с. 429

ТАПАЛО́ГІЯ (ад грэч. topos месца + ...логія),

раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці тапалагічных прастораў і розных падмностваў (фігур) у гэтых прасторах. Уласцівасці фігуры наз. тапалагічнымі, калі яны захоўваюцца пры тапалагічных адлюстраваннях. Напр., тапалагічныя ўласцівасці: замкнёнасць лініі, наяўнасць краю ў паверхні і інш.

Асновы Т. закладзены Л.Эйлерам, Ж.А.Пуанкарэ, Ф.​Гаўсдорфам. Значны ўклад у развіццё Т. зрабілі рус. матэматыкі П.С.Аляксандраў, С.П.Новікаў, Л.С.Пантрагін, П.​С.​Урысон і інш. На пач. Т. вывучала тапалагічныя ўласцівасці фігур, пазней — адвольныя неперарыўныя адлюстраванні. Адна з асн. задач Т. — класіфікацыя неперарыўных адлюстраванняў і вылучэнне з іх класаў з патрэбнымі ўласцівасцямі, напр., з уласцівасцю мець нерухомы пункт. У Т. вылучаюць самастойныя кірункі, якія адрозніваюцца аб’ектам і метадам даследаванняў. У агульнай Т. вывучаюць звязнасць, кампактнасць, метрызавальнасць тапалагічных прастораў, а таксама зменнасць гэтых паняццяў пры неперарыўных адлюстраваннях прастораў. Разам з алгебрай агульная Т. з’яўляецца асновай тэарэтыка-мноствавых метадаў у матэматыцы. Алгебраічная тапалогія звязана з вывучэннем тапалагічных прастораў і іх неперарыўных адлюстраванняў з дапамогай алг. аб’ектаў (гомамарфізмаў, груп, кольцаў). Дыферэнцыяльная Т. вывучае алг. мнагастайнасці (гл. Алгебраічная геаметрыя) сродкамі матэм. аналізу і алг. Т; кускова-лінейная Т. — паліэдры (мнагаграннікі) і іх кускова-лінейныя адлюстраванні.

Літ.:

Александрян Р.А., Мирзаханян Э.А. Общая топология. М., 1979;

Фоменко А.Т., Фукс Д.Б. Курс гомотопической топологии. М., 1989;

Топология. Мн., 1990.

В.​І.​Вядзернікаў, А.​С.​Фядэнка.

т. 15, с. 429