ТАПАГРА́ФІЯ (ад грэч. topos месца + ...графія),
навукова-тэхн. галіна геадэзіі, якая займаецца геам. вывучэннем мясцовасці. Асн. задачы Т.: распрацоўка метадаў стварэння тапаграфічных карт на падставе тапаграфічных здымак, іх класіфікацыі, зместу і дакладнасці, метадаў іх абнаўлення і інш.
Станаўленне Т. адносіцца да 16 ст. Наземныя тапаграфічныя здымкі (мензульная, тахеаметрычная) праводзяцца з 18 ст. пасля распрацоўкі метаду трыянгуляцыі. З 1-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца матэрыялы аэрафотаздымкі. у 2-й пал. 20 ст. з’явілася касмічная здымка (гл. таксама Аэракасмічныя метады). Мензульная, тэадалітная і інш. здымкі выкарыстоўваюцца пераважна на невял. участках. Для сучаснага этапу развіцця Т. характэрна ўкараненне сродкаў аўтаматызацыі для тапагр. здымак з атрыманнем інфармацыі ў лічбавай форме, што дазваляе ствараць і абнаўляць карты, аўтаматызаваць працэсы падрыхтоўкі арыгіналаў і інш.
На Беларусі першыя вымярэнні зямельных плошчаў і складанне планаў адбыліся ў 2-й пал. 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. пры правядзенні «Валочнай памеры». Навукова абгрунтаваныя тапографа-геад. работы пачаліся ў 1753 у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. У 1816—21 на тэр. Віленскай. Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай губ. створана апорная геад. сетка метадам трыянгуляцыі, на аснове якой рабіліся тапагр. здымкі ў маштабах 1: 21 000, 1 : 42 000 і 1 : 84 000. У 2-й пал. 20 ст. тэр. краіны закартаграфавана ў маштабе 1 : 10 000 (асобныя часткі — у буйнейшых). Тапографа-геад. работы выконваюць вытв. прадпрыемствы «Белгеадэзія» і «Космааэрагеадэзія» Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Парамонов А.Г., Сомов В.Д., Черноглазов Н.В. Основы топографии и аэрофотосъемки. М., 1991;
Топография с основами геодезии. М., 1986.
П.П.Явід.
т. 15, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)