ТАПАЛО́ГІЯ (ад грэч. topos месца + ...логія),

раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці тапалагічных прастораў і розных падмностваў (фігур) у гэтых прасторах. Уласцівасці фігуры наз. тапалагічнымі, калі яны захоўваюцца пры тапалагічных адлюстраваннях. Напр., тапалагічныя ўласцівасці: замкнёнасць лініі, наяўнасць краю ў паверхні і інш.

Асновы Т. закладзены Л.Эйлерам, Ж.А.Пуанкарэ, Ф.​Гаўсдорфам. Значны ўклад у развіццё Т. зрабілі рус. матэматыкі П.С.Аляксандраў, С.П.Новікаў, Л.С.Пантрагін, П.​С.​Урысон і інш. На пач. Т. вывучала тапалагічныя ўласцівасці фігур, пазней — адвольныя неперарыўныя адлюстраванні. Адна з асн. задач Т. — класіфікацыя неперарыўных адлюстраванняў і вылучэнне з іх класаў з патрэбнымі ўласцівасцямі, напр., з уласцівасцю мець нерухомы пункт. У Т. вылучаюць самастойныя кірункі, якія адрозніваюцца аб’ектам і метадам даследаванняў. У агульнай Т. вывучаюць звязнасць, кампактнасць, метрызавальнасць тапалагічных прастораў, а таксама зменнасць гэтых паняццяў пры неперарыўных адлюстраваннях прастораў. Разам з алгебрай агульная Т. з’яўляецца асновай тэарэтыка-мноствавых метадаў у матэматыцы. Алгебраічная тапалогія звязана з вывучэннем тапалагічных прастораў і іх неперарыўных адлюстраванняў з дапамогай алг. аб’ектаў (гомамарфізмаў, груп, кольцаў). Дыферэнцыяльная Т. вывучае алг. мнагастайнасці (гл. Алгебраічная геаметрыя) сродкамі матэм. аналізу і алг. Т; кускова-лінейная Т. — паліэдры (мнагаграннікі) і іх кускова-лінейныя адлюстраванні.

Літ.:

Александрян Р.А., Мирзаханян Э.А. Общая топология. М., 1979;

Фоменко А.Т., Фукс Д.Б. Курс гомотопической топологии. М., 1989;

Топология. Мн., 1990.

В.​І.​Вядзернікаў, А.​С.​Фядэнка.

т. 15, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)