Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТА́ТАБАНЬЯ (Tatabánya),

горад на ПнЗ Венгрыі. Адм. ц. медзьё Комарам. Каля 100 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр буравугальнага басейна. Прам-сць: каляровая металургія (выплаўка алюмінію), хім., цэм., тэкст., вытв-сць сродкаў сувязі. Музей гісторыі прам-сці.

т. 15, с. 450

ТАТАЛІЗА́ТАР (франц. totalisateur ад totaliser падсумоўваць),

механічны лічыльнік на іпадроме, які паказвае на скачках суму грашовых ставак на пэўнага каня. Т. наз. таксама бюро, якое прымае стаўкі і выплачвае выйгрыш, і сама гульня на грошы на скачках.

т. 15, с. 450

ТАТАЛІТАРЫ́ЗМ (франц. totalitarisme ад лац. totus увесь, цэлы),

1) сацыяльна-паліт. сістэма, у якой ажыццяўляецца поўнае падпарадкаванне грамадства, яго паліт., эканам., сац. і духоўнага жыцця ўладзе пануючай эліты. Асн. рысы Т.: манапалізацыя ўлады пэўнай паліт. партыяй і абсалютная ўлада яе правадыра; усёахопны паліт. кантроль дзяржавы над усімі сферамі грамадскага жыцця; апора паліт. рэжыму на дэкласаваныя, люмпенізаваныя пласты і групы насельніцтва; буйнамаштабнае выкарыстанне метадаў насілля і тэрору як сродкаў захавання і ўмацавання таталітарнага рэжыму; мілітарызацыя эканомікі і ўсіх сфер грамадскага жыцця; адхіленне большасці насельніцтва ад удзелу ў фарміраванні і дзейнасці дзярж. і паліт. органаў; забарона дзейнасці дэмакратычна арыентаваных арг-цый і падаўленне апазіцыі; панаванне агульнай для ўсіх ідэалогіі, якая, як правіла, мае утапічны характар і абгрунтоўвае неабходнасць таталітарнага рэжыму, які нібыта служыць сродкам перабудовы грамадства з мэтамі дасягнення «новага парадку», «усеагульнага дабра», «светлай будучыні» і да т.п.

2) Канцэпцыя, якая абгрунтоўвае сутнасць таталітарнай дзяржавы і адпаведнага паліт. рэжыму. Вытокі канцэпцыі Т. ў вучэнні пра татальнасць (гл. Цэласнасць), якое распрацоўвала ням. філасофія 19 ст. Паліт. накіраванасць тэрміну «Т.» надалі ў 1920-я г. крытыкі фашысцкага рэжыму ў Італіі Дж.​Амендала і П.​Габеці. Тэарэтыкі фашызму Дж.​Джэнтыле і А.​Роска (Італія), Э.​Юнгер і К.​Шміт (Германія) і інш. выкарыстоўвалі канцэпцыю Т. для абгрунтавання неабходнасці фаш. таталітарнага рэжыму, ідэй «татальнай дыктатуры», «татальнай дзяржавы», «татальнай волі да ўлады», «татальнай мабілізацыі». У 1930—40-я г. прадстаўнікі франкфурцкай школы распрацоўвалі аналітыка-крытычную трактоўку Т. як сац. механізму захавання ўлады ў руках правадыра, татальнага панавання ваенна-паліт. рэжыму, падаўлення апазіцыі, масавага тэрору і поўнай бяспраўнасці чалавека (Т.​Адорна, Г.​Маркузе, Э.​Фром і інш.). У 1950—80-я г. аналітычная канцэпцыя Т. выкарыстоўвалася для крытыкі камуніст. сац.-паліт. сістэмы (Г.​Арэнт, З.​Бжазінскі, М.​Джылас і інш.). Гл. таксама Аўтарытарызм, Культ асобы.

Літ.:

Арон Р. Демократия и тоталитаризм: Пер. с фр. М., 1993;

Арендт Х. Истоки тоталитаризма: Пер. с англ. М., 1996;

Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996;

Иванов Ю.М. Очерки теории и практики тоталитарного социализма. М., 1997;

Соловьев Э.Г. Феномен тоталитаризма в политической мысли России и Запада. М., 1997.

Я.​М.​Бабжаў.

т. 15, с. 450

ТАТА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА,

тэрмін авангардысцкай эстэтыкі 1960-х г., які абазначае імкненне да ўсёабдымнасці мастацтва, да знішчэння межаў не толькі паміж асобнымі відамі маст. творчасці, але і паміж мастацтвам і рэчаіснасцю. Тагачасныя авангардысцкія кірункі імкнуліся да «растварэння» мастацтва ў асяроддзі, да зліцця яго з працэсамі жыцця, што найб. яскрава выявілася ў такіх формах, як хэпенінг, перформанс, мульты-медыя, інвайрэнмент, лэнд-арт. Гранічным выяўленнем прынцыпаў Т.м. з’яўляецца сцвярджэнне, што любы фрагмент рэальнасці і ўвесь свет — творы мастацтва.

С.​У.​Пешын.

т. 15, с. 450

ТАТА́ЛЬНАСЦЬ (ад позналац. totalis увесь, цэлы),

абагульненая характарыстыка аб’ектаў, якія вылучаюцца складанай унутранай структурай, інтэграванасцю, самадастатковасцю, аўтаномнасцю і проціпастаўленасцю асяроддзю; тое, што цэласнасць.

т. 15, с. 450

«ТАТА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́»,

вайна, якая вядзецца з выкарыстаннем усіх матэрыяльных сродкаў і інш. магчымасцей дзяржавы, а таксама любых спосабаў масавага знішчэння ўзбр. сіл і насельніцтва праціўніка.

Тэорыя «Т.в. распрацавана напярэдадні другой сусветнай вайны 1939—45 ням. ген. Э.Людэндорфам, у сістэматызаваным выглядзе выкладзена ў яго кнізе «Татальная вайна» (1936). Узбр. проціборства, якое планавалася Гітлерам як «маланкавая вайна», у 1942—43 набыло рысы татальнасці (у вайну былі ўцягнуты краіны з 80% насельніцтва Зямлі, ва ўзбр. сілы мабілізавана больш за 110 млн. чал.). Ваен.-эканам. і інш. патрэбы дзяржаў-удзельніц, у першую чаргу Германіі і СССР, абумовілі правядзенне татальнай мабілізацыі матэр. і людскіх рэсурсаў. Эканоміка СССР і яго саюзнікаў аказалася больш эфектыўнай, што стала перадумовай перамогі ў «Т.в.», якую была вымушана весці Германія пасля катастрофы пад Сталінградам (гл. Сталінградская бітва 1942—43) і паражэнняў у інш. бітвах 2-й сусв. вайны.

Некат. элементы «Т.в.» выкарыстаны ЗША, Вялікабрытаніяй у ваен. дзеяннях супраць Германіі і Японіі (атамная бамбардзіроўка Хірасімы і Нагасакі, масіраваныя бамбардзіроўкі гарадоў Германіі), у В’етнаме (1964—73) і інш.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 15, с. 450

ТАТА́ЛЬНАЯ МАБІЛІЗА́ЦЫЯ,

сістэма надзвычайных мерапрыемстваў дзяржавы па пераключэнні ўсіх яе матэрыяльных і людскіх рэсурсаў на патрэбы «татальнай вайны».

Напр., Т.м. 1943—45 у Германіі (абвешчана Гітлерам пасля паражэння ням.-фаш. войск пад Сталінградам) павялічыла колькасць узбр. сіл (1943) да 10 млн. чал. (усяго за 1939—45 у вермахт мабілізавана каля 18 млн. чал.). Ў інш. дзяржавах фаш. блока, напр. у Японіі (у 1945 узбр. сілы дасягнулі 7,2 млн. чал.), замест Т.м. на сваёй тэр. праводзілася мабілізацыя, у т. л. ва ўзбр. сілы, грамадзян інш. акупіраваных краін (Кітай, Карэя). У саюзных дзяржавах антыгітлераўскага блока Т.м. не праводзілася (за выключэннем некат. тэр. СССР). Сучаснымі ваен. дактрынамі большасці краін Т.м. не прадугледжваецца.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 15, с. 450

ТАТА́РКА,

рабочы пасёлак у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. Чыг. ст. на лініі Асіповічы—Жлобін. За 12 км на ПдУ ад Асіповіч, 148 км ад Магілёва. 1 тыс. ж. (2001). Працуюць торфапрадпрыемствы, сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад-яслі, клуб, паліклініка, амбулаторыя, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

У 2-й пал. 19 ст. вёска (35 ж.) у Ляскавіцкай вол. Бабруйскага пав. З пабудовай Лібава-Роменскай чыгункі (1873) — станцыя, дзе адгружалася за год больш як 50 тыс. пудоў лесаматэрыялаў. З 1924 у Асіповіцкім р-не Бабруйскай акругі, з 1938 у Магілёўскай вобл. Значна вырасла з буд-вам торфазавода (у 1940 працавала 414 рабочых). У 1944—54 у Бабруйскай вобл. З 14.5.1949 рабочы пасёлак.

т. 15, с. 450

ТАТА́РНІК (Onopordum),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Т. калючы (O. acanthium), нар. назвы чартапалох, чортавы пазуры. Трапляецца ўздоўж дарог, каля жылля, на пустках.

Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 150—170 см. Сцёблы прамастойныя, голыя або павуціністыя, з шырокімі калючымі крыламі. Лісце буйное, перыста-лопасцевае ці зубчастае, з калючкамі. Кветкі ружовыя, радзей белыя або жоўтыя, сабраныя ў буйныя адзіночныя кошыкі. Плод — сямянка. Меданосныя, лек., дэкар. расліны, часам пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Татарнік калючы.

т. 15, с. 451

ТАТА́РСКАЕ МЫЛА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Зорка.

т. 15, с. 451