ТАТАЛІТАРЫ́ЗМ (франц. totalitarisme ад лац. totus увесь, цэлы),
1) сацыяльна-паліт. сістэма, у якой ажыццяўляецца поўнае падпарадкаванне грамадства, яго паліт., эканам., сац. і духоўнага жыцця ўладзе пануючай эліты. Асн. рысы Т.: манапалізацыя ўлады пэўнай паліт. партыяй і абсалютная ўлада яе правадыра; усёахопны паліт. кантроль дзяржавы над усімі сферамі грамадскага жыцця; апора паліт. рэжыму на дэкласаваныя, люмпенізаваныя пласты і групы насельніцтва; буйнамаштабнае выкарыстанне метадаў насілля і тэрору як сродкаў захавання і ўмацавання таталітарнага рэжыму; мілітарызацыя эканомікі і ўсіх сфер грамадскага жыцця; адхіленне большасці насельніцтва ад удзелу ў фарміраванні і дзейнасці дзярж. і паліт. органаў; забарона дзейнасці дэмакратычна арыентаваных арг-цый і падаўленне апазіцыі; панаванне агульнай для ўсіх ідэалогіі, якая, як правіла, мае утапічны характар і абгрунтоўвае неабходнасць таталітарнага рэжыму, які нібыта служыць сродкам перабудовы грамадства з мэтамі дасягнення «новага парадку», «усеагульнага дабра», «светлай будучыні» і да т.п.
2) Канцэпцыя, якая абгрунтоўвае сутнасць таталітарнай дзяржавы і адпаведнага паліт. рэжыму. Вытокі канцэпцыі Т. ў вучэнні пра татальнасць (гл. Цэласнасць), якое распрацоўвала ням. філасофія 19 ст. Паліт. накіраванасць тэрміну «Т.» надалі ў 1920-я г. крытыкі фашысцкага рэжыму ў Італіі Дж.Амендала і П.Габеці. Тэарэтыкі фашызму Дж.Джэнтыле і А.Роска (Італія), Э.Юнгер і К.Шміт (Германія) і інш. выкарыстоўвалі канцэпцыю Т. для абгрунтавання неабходнасці фаш. таталітарнага рэжыму, ідэй «татальнай дыктатуры», «татальнай дзяржавы», «татальнай волі да ўлады», «татальнай мабілізацыі». У 1930—40-я г. прадстаўнікі франкфурцкай школы распрацоўвалі аналітыка-крытычную трактоўку Т. як сац. механізму захавання ўлады ў руках правадыра, татальнага панавання ваенна-паліт. рэжыму, падаўлення апазіцыі, масавага тэрору і поўнай бяспраўнасці чалавека (Т.Адорна, Г.Маркузе, Э.Фром і інш.). У 1950—80-я г. аналітычная канцэпцыя Т. выкарыстоўвалася для крытыкі камуніст. сац.-паліт. сістэмы (Г.Арэнт, З.Бжазінскі, М.Джылас і інш.). Гл. таксама Аўтарытарызм, Культ асобы.
Літ.:
Арон Р. Демократия и тоталитаризм: Пер. с фр. М., 1993;
Арендт Х. Истоки тоталитаризма: Пер. с англ. М., 1996;
Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996;
Иванов Ю.М. Очерки теории и практики тоталитарного социализма. М., 1997;
Соловьев Э.Г. Феномен тоталитаризма в политической мысли России и Запада. М., 1997.
Я.М.Бабжаў.
т. 15, с. 450