ТАТА́РКА,
рабочы пасёлак у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. Чыг. ст. на лініі Асіповічы—Жлобін. За 12 км на ПдУ ад Асіповіч, 148 км ад Магілёва. 1 тыс. ж. (2001). Працуюць торфапрадпрыемствы, сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад-яслі, клуб, паліклініка, амбулаторыя, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
У 2-й пал. 19 ст. вёска (35 ж.) у Ляскавіцкай вол. Бабруйскага пав. З пабудовай Лібава-Роменскай чыгункі (1873) — станцыя, дзе адгружалася за год больш як 50 тыс. пудоў лесаматэрыялаў. З 1924 у Асіповіцкім р-не Бабруйскай акругі, з 1938 у Магілёўскай вобл. Значна вырасла з буд-вам торфазавода (у 1940 працавала 414 рабочых). У 1944—54 у Бабруйскай вобл. З 14.5.1949 рабочы пасёлак.
т. 15, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)