ТАТА́РНІК (Onopordum),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Т. калючы (O. acanthium), нар. назвы чартапалох, чортавы пазуры. Трапляецца ўздоўж дарог, каля жылля, на пустках.

Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 150—170 см. Сцёблы прамастойныя, голыя або павуціністыя, з шырокімі калючымі крыламі. Лісце буйное, перыста-лопасцевае ці зубчастае, з калючкамі. Кветкі ружовыя, радзей белыя або жоўтыя, сабраныя ў буйныя адзіночныя кошыкі. Плод — сямянка. Меданосныя, лек., дэкар. расліны, часам пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Татарнік калючы.

т. 15, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)