ТАЦІ́ШЧАЎ Васіль Мікітавіч (29.4.1686. каля г. Пскоў, Расія — 26.7.1750),

расійскі дзярж. дзеяч, гісторык. Род Т. паходзіў ад смаленскіх князёў. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. баявых аперацый 1705—06 на тэр. ВКЛ і Польшчы, Палтаўскай бітвы 1709. Выконваючы ваен.-дыпламат. даручэнні Пятра I за мяжой, Т. узбагаціў свае веды ў галінах філасофіі і гісторыі, геаграфіі і горнай справы, эканам. і паліт. вучэнняў, што пазней дазваляла яму грунтоўна асвятляць адпаведныя пытанні ў сваіх творах і запісках. У 1720—22 і 1734—37 кіраўнік казённых заводаў на Урале, заснаваў г. Екацярынбург (1721); 1741—45 астраханскі губернатар. Аўтар прац па гісторыі, геаграфіі, філасофіі, эканоміцы (пры яго жыцці амаль не друкаваліся). На падставе шматлікіх летапісаў і інш. крыніц стварыў абагульняльную працу «Гісторыя Расійская з самых старажытнейшых часоў» (кн. 1—5, 1768—1848), дзе ўпершыню ў рас. гістарыяграфіі зрабіў спробу знайсці заканамернасці ў гіст. развіцці Расіі; гіст. прагрэс звязваў з развіццём асветы. Сярод выкарыстаных Т. крыніц былі летапісы, якія не дайшлі да нашага часу, у т. л. адзін са спісаў Полацкага летапісу. Па яго творах удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі: месца бітвы кн. Уладзіміра Святаславіча з Яраполкам (на р. Друць), прычыны нападу Уладзіміра Святаславіча на Полацк у 980 (напад полацкага кн. Рагвалода на ўладанні Ноўгарада), уладкаванне спраў полацкіх князёў з Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам у 1121, час заснавання Навагрудка (1044), Барысава (1102), акалічнасці ўзнікнення ВКЛ (вакол Навагрудскага княства), помсты Войшалка забойцам яго бацькі Міндоўга і інш. Т. упершыню даследаваў паходжанне тэрміна Белая Русь, які лічыў указаннем на прыгажосць і багацце гэтай зямлі і адносіў яго ўзнікненне да 12 ст. Даследаваў узнікненне герба ВКЛ «Пагоня», які лічыў запазычаным у стараж.-рус. княстваў. Т. паклаў пачатак этнаграфіі і крыніцазнаўства ў Расіі, упершыню апублікаваў Рускую праўду, Судзебнік 1550. Аўтар першага рас. энцыкл. слоўніка — «Лексікон расійскі гістарычны, геаграфічны, палітычны і грамадскі» (ч. 1—3, 1793, да літары «К»). Да праблем эканам. развіцця Расіі Т. падыходзіў з пазіцый развітога меркантылізму, адводзячы дзяржаве вырашальную ролю ў кіраўніцтве эканам. жыццём краіны. У працах па эканоміцы абгрунтоўваў тэорыю «гандл. балансу» і значную ролю купецтва ў павелічэнні даходаў дзяржавы. Адным з першых выказаў меркаванні аб неабходнасці банкаў, у т. л. для крэдытавання прам-сці і гандлю.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1994—96;

Записки. Письма, 1717—1750 гг. М., 1990.

Літ.:

Юхт А.И. Государственная деятельность В.​Н.​Татищева в 20-х — начале 30-х гг. XVIII в. М., 1985;

Шакинко И.М. В.​Н.​Татищев. М., 1987;

Кузьмин А.Г. Татищев. 2 изд. М., 1987;

Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2000;

Штыхаў Г.В. Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мн., 2002.

Г.​В.​Штыхаў, Р.​Ч.​Лянькевіч.

В.М.Тацішчаў.

т. 15, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)