ТАШКЕ́НТ,

горад, сталіца Узбекістана, цэнтр аднайм. вобласці. Знаходзіцца ў перадгор’ях Зах. Цянь-Шаня, у даліне р. Чырчык. 2148 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. с.-г., тэкст., авіяц., эл.-тэхн., трансп., інструментальнае, электроннае і інш.; металаапр., баваўняная, трыкат., абутковая, швейная, хім., нафтахім., хіміка-фармацэўтычная, харчасмакавая, харч., буд. матэрыялаў, шкляная, фарфора-фаянсавая і інш. Метрапалітэн. АН Узбекістана, Ун-т. 12 тэатраў. Музеі: мастацтва Узбекістана, гісторыі народаў Узбекістана, л-ры імя А.​Наваі. Цэнтр турызму.

Упершыню ўпамінаецца ў кіт. хроніках канца 2 — пач. 1 ст. да н.э. пад назвай Юні. У 4—5 ст. н.э. гар. паселішча Чач (Шаш) у цэнтры земляробчага аазіса, на перакрыжаванні гандл. шляхоў паміж Усходам і Еўропай. У 6 ст. ў складзе Цюркскага каганата. У 8—9 ст. пад назвай Бінкент быў цэнтрам самаст. ўладання Чач (Шаш). У пач. 8 ст. заваяваны арабамі. Шмат разоў разбураўся качэўнікамі. У 9—10 ст. у складзе дзяржавы Саманідаў, у канцы 10 — пач. 13 ст. — дзяржаў Караханідаў і Каракітаяў. Упершыню пад назвай Т. упамінаецца ў 11 ст. У пач. 13 ст. Т. захапіў шах Харэзма Мухамед II, паводле загаду якога ў 1214 горад разбураны, а жыхары пераселены. У 14 ст. заваяваны Цімурам і ператвораны ў адну з найбуйнейшых крэпасцей дзяржавы Цімурыдаў. У 2-й пал. 16 ст. далучаны да Бухарскага ханства, у 17—18 ст. захоплены казахамі і калмыкамі. У 1809 у складзе Какандскага ханства. У 1865 далучаны да Расіі, з 1867 цэнтр Туркестанскага ген.-губернатарства і Сырдар’інскай вобл. У 1899 да Т. пракладзена сярэднеазіяцкая чыгунка, у 1906 чыгункай злучаны з Арэнбургам. З 1918 сталіца Туркестанскай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, з 1930 — Узбекістана. У час Вял. Айч. вайны ў Т. была эвакуіравана АН БССР, жыў Я.​Колас. Т. — месца сустрэч прадстаўнікоў краін Азіі і Афрыкі. Тут падпісана Ташкенцкая дэкларацыя 1966. З 1993 у Т. дзейнічае бел. культ. цэнтр «Світанак».

У 5—8 ст. на тэр. Т. існавалі ўмацаваныя паселішчы (гарадзішчы Мінг-Урук, Кугайт-Тэпе), раннефеад. сядзібы і замкі (Ак-Тэпе, 6—8 ст., дабудовы 11 ст.). У Старым горадзе з 1—2-глінакаркаснымі дамамі вылучаюцца партальна-купальныя маўзалеі Шэйхантаўр (15 ст.), Кафаль Шашы, медрэсэ Барак-хана і Кукельташа (16 ст.). У пач. 20 ст. побач вырас рэгулярна распланаваны, абводнены арыкамі і азяленены Новы горад. У 1930-я і 1950-я г. Т. кардынальна перапланаваны, пабудаваны буйныя жылыя масівы, грамадскія будынкі, у т. л. т-р оперы і балета (1940—47, арх. А.​Шчусеў, размалёўкі маст. Ч.​Ахмарава, разьба па дрэве нар. майстроў Т.​Арсланкулава, К.​Джалілава, братоў Джураевых і інш.). Пасля землетрасення 1966 Т. адбудаваны і развіваецца паводле генплана 1970.

Літ.:

Древний Ташкент. Ташкент, 1973;

Кадырова Т.Ф. Архитектура центра Ташкента. Ташкент, 1976;

Гласс Ю.И. Музеи Ташкента: Спр.-путеводитель. Ташкент, 1983.

Ташкент. Медрэсэ Кукельташа.
Ташкент. Будынак тэатра.
Панарама Ташкента.

т. 15, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)