ТАШЫ́ЗМ (ад франц. tache пляма),
інфармальнае мастацтва, плынь у заходнееўрапейскім абстракцыянізме 1950—60-х г. Ташысты стваралі карціны метадам «псіхічнай імправізацыі» (мазкі фарбы накладваліся на палатно хуткімі рухамі рукі без папярэдне абдуманага плана). Т. блізкі да амер. абстрактнага экспрэсіянізму, але адрозніваўся менш кідкай манерай узаемадзеяння плямы з палатном, большай лёгкасцю формы, увагай да колеру. Некат. карціны, выкананыя ў гэтай манеры, асацыіруюцца з прыроднымі з’явамі: воднымі стыхіямі, горнымі ландшафтамі, рухамі атмасферы, аб’ектамі мікрасвету, адлюстраванымі на фотаздымках. Сярод найб. значных прадстаўнікоў Т.: Ж.Мацьё, Г.Гартунг, П.Сулаж, Ж.Базен (Францыя), Э.Ведова (Італія), А.Іорн (Данія).
т. 15, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)