сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 1,7 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць у мёртвай драўніне, дрэвавых грыбах, радзей у сцёблах жывых раслін. Некат. віды пашкоджваюць драўляныя збудаванні, мэблю, кнігі, харч. прадукты. Найб. трапляюцца Т.: дамавы (Anobium pertinax), звычайны (A. punctatum), хлебны (Stegobium paniceum) і інш. На Беларусі 31 від.
Даўж. да 8 мм. Цела цыліндрычнае, зверху ўкрыта валаскамі. Афарбоўка ад жоўта-рыжай да чорна-бурай. Вусікі 8—11-членікавыя, піла-, грэбене- ці булавападобныя. Лапкі 5-членікавыя. Лічынкі белыя, мясістыя, С-падобныя, з кароткімі нагамі. Кормяцца адмерлай драўнінай.