Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЎСТУ́ХА, павуціннік ядомы (Cortinarius esculentus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. павуціннікавых. Пашырана ў Еўропе, у т. л. на Беларусі. Трапляецца з вер. па кастр. у сухіх хваёвых лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—12 см, падушкападобна-пукатая, з загорнутым уніз краем, сухая, светла-бурая. Пласцінкі прырослыя. Мякаць мясістая, белая, шчыльная, з салодкім смакам і прыемным пахам. Ножка выш. 2—5 см, булавападобная, шчыльная, суцэльная, з рэшткамі павуціністага пакрывала. Споры эліпсоідныя, бародаўчатыя, жоўта-бурыя. Ядомая.

Таўстуха.

т. 15, с. 461

ТАЎТА́ВІЧУС (Tautavičius) Адольфас (9.9.1925, в. Курэняй Цельшайскага пав., Літва),

літоўскі археолаг. Д-р гіст. н. (1997). Скончыў Вільнюскі ун-т (1950). З 1946 у Ін-це гісторыі АН Літвы (у 1962—87 заг. аддзела археалогіі), адначасова ў 1951—60 выкладаў у Вільнюскім ун-це. З 1988 заг. аддзела археалогіі Цэнтра даследавання «Замкі Літвы». Даследуе культуру насельніцтва Літвы жал. веку і сярэдніх вякоў, гісторыю Вільнюса, нумізматыку Літвы. Праводзіў раскопкі Ніжняга замка ў Вільнюсе, замкаў у Тракаі, Клайпедзе, Велюоне, грунтавых і курганных могільнікаў. Аўтар кн.: «Кафля Вільнюскіх замкаў (XVI—XVII стст.)» (1969), «Археалагічны атлас Літоўскай ССР. Т. 3. Курганы і грунтавыя могільнікі I—XIII ст.» (1977), «Сярэдні жалезны век Літвы (V—IX ст.)» (1996); сааўтар кніг «Нарыс археалогіі Літвы» (1961), «Гісторыя горада Вільнюса» (т. 1, 1968), «Замкі Літвы» (1971), «Гандлёвыя сувязі насельніцтва Літвы ў I—XIII ст.» (1972), «Гісторыя Літоўскай ССР» (1978), «Этнагенез літоўцаў» (1987), «Палац Вільнюскага Ніжняга замка» (т. 1—4, 1989—99). Складальнік кн. «Бібліяграфія археалогіі Літвы» (2000), дзе ўлічаны публікацыі 1782—1999.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 15, с. 461

ТАЎТАГРА́МА (ад грэч. tauto тое самае + ...грама),

верш, усе словы якога пачынаюцца з адной і той жа літары. Т. — своеасаблівая вершаваная забава, гульня. Значнае пашырэнне мела ў даўняй еўрап. паэзіі. У бел. вершатворчасці Т. не прыжылася. Часам сустракаецца ў гукапераймальных вершах для дзяцей (Р.​Барадулін, А.​Вольскі і інш.), вершаваных пародыях. Прыклад фалькл. дзіцячага верша-Т.:

Стары Сымон сказаў сынам:
— Сыны, скасіце сена.
Сена скасілі,
Савоську скармілі.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 461

ТАЎТАЛАГІ́ЧНАЯ РЫ́ФМА,

паўтор у канцы вершаваных радкоў аднаго і таго ж ці некалькіх слоў, якія вызначаюць страфічную будову верша. Сустракаецца ў фальклоры і ў сучаснай паэзіі:

Слепіць вочы ён, снег,
І дарогі разбег.
І ты мружышся: «Снег!..
Што за студзеньскі снег!..»
(А.​Лойка. «Снег»)

Разнавіднасць Т.р. ва ўсх. паэзіі — рэдыф.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 461

ТАЎТАЛО́ГІЯ (ад грэч. tauto тое самае + ...логія),

1) спалучэнне або паўтор тых жа самых або блізкіх па сэнсе слоў («масла масленае», «цалкам і поўнасцю»).

2) Відавочны круг у вызначэнні, доказе і інш. (лац. idem per idem — тое самае праз тое самае).

т. 15, с. 461

ТАЎТАМЕРЫ́Я (ад грэч. tauto тое самае + meros доля, частка),

з’ява раўнаважнага існавання 2 ці больш структурных ізамераў (таўтамераў), якія лёгка ператвараюцца адзін у адзін; асобны выпадак структурнай ізамерыі. Рэчывы, схільныя да Т., ва ўмовах усталяванай раўнавагі маюць адначасова малекулы ўсіх таўтамераў у пэўных суадносінах.

Працэс узаемаператварэння таўтамераў наз. таўтамерызацыяй. Таўтамеразацыя адбываецца пераважна за кошт міграцыі катыёнаў (катыёнатропная Т.), радзей — аніёнаў (аніёнатропная Т.). Найб. пашырана прататропная трыядная Т. — міграцыя пратона (H​+) паміж крайнімі атамамі трыяды (сістэма 3 атамаў, з якіх 2 атамы злучаны падвойнай сувяззю), што адбываецца адначасова з перамяшчэннем падвойнай сувязі. Да такога віду адносіцца, напр., кета-енольная Т., якая найб. вывучана для ацэтавоцатнага эфіру, у якім прыблізна 7% малекул енольнай формы (гл. Спірты). У асобных выпадках таўтамеры могуць быць вылучаны ў індывід. стане, аднак з цягам часу кожны з іх у выніку Т. зноў ператвараецца ў раўнаважную сумесь. Т. — адна з прычын дваістай рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў. Звычайна існаванне таўтамераў у рэчыве выяўляюць спектральнымі метадамі. Выкарыстоўваюць у сінтэзе некаторых лек. сродкаў і фарбавальнікаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Кета-енольная таўтамерыя для ацэтавоцатнага эфіру: а — кетонная форма (этылавы эфір ацэтавоцатнай кіслаты), б — енольная форма (этылавы эфір β-аксікратонавай кіслаты).

т. 15, с. 461

ТАЎЦІВІ́Л (?—1264),

адзін з літоўскіх князёў, князь полацкі. Пляменнік Міндоўга, верагодна, сын яго старэйшага брата Даўспрунка. Каля 1249 Міндоўг накіраваў Т. і яго брата Эдзівіла ў паход на Смаленскае княства, а сам захапіў іх вотчыны і арганізаваў няўдалую спробу іх забойства. Т. уцёк у Галіцка-Валынскае княства, а потым у Рыгу, дзе прыняў хрышчэнне ў каталіцтва. Паліт. праціўнікі Міндоўга — галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн, рыжскі арцыбіскуп і князь Жамойці Выкінт (дзядзька Т. па маці) — падтрымалі Т. як прэтэндэнта на пасад вял. князя ВКЛ і аказалі яму ўзбр. дапамогу. Аднак нанесці Міндоўгу ваеннае паражэнне не ўдалося. Пасля хрышчэння Міндоўга ў каталіцтва ў 1253 накіраваная супраць яго кааліцыя на чале з Т. распалася. Пэўны час Т. заставаўся ў Галіцка-Валынскім княстве і ў 1253 удзельнічаў у паходзе Данілы Галіцкага ў Чэхію. Пазней ён, верагодна, прымірыўся з Міндоўгам. Магчыма, ужо ў 1258 Т. быў полацкім князем і ўдзельнічаў у сумесным паходзе палачан і літоўцаў на Смаленскую зямлю і Таржок, але яго імя ў сувязі з гэтымі падзеямі не згадваецца. У час татарскага паходу на Літву зімой 1258—59 дзейнічаў разам з сынам Міндоўга Войшалкам супраць Данілы Раманавіча, саюзніка татар. У 1262 Т. згадваецца як князь полацкі. Верагодна, ён быў адным з арганізатараў забойства Міндоўга ў 1263. Неўзабаве паміж Т. і пераемнікам Міндоўга Транятам пачалася барацьба за ўладу, у выніку якой Т. быў забіты.

В.​Л.​Насевіч.

т. 15, с. 462

ТА́ЎЭР, Тоўэр (англ. tower вежа),

замак-крэпасць у Лондане, на беразе Тэмзы. Найстараж. частка Т., т. зв. Белая вежа, узведзена пры Вільгельме I Заваёўніку (каля 1078—85). Да 17 ст. быў адной з каралеўскіх рэзідэнцый. Да 1820 тут знаходзілася гал. дзярж. турма, у якой былі тайна забіты ці пакараны смерцю шматлікія высокапастаўленыя дзярж. дзеячы Англіі, у т. л. Генрых VI, Эдуард V з братам Рычардам, жонкі Генрыха VIII Ганна Болейн і Кацярына Хоўард, Т.​Мор. З 1820 Т. — арсенал, які функцыянуе як музей (зброя, даспехі, каралеўскія рэліквіі).

Самая стараж. ч. Т. — прамавугольная Белая вежа (Уайт-Таўэр; каля 1078—85, выш. 28 м, будаўнік Гундульф з Бека) з капэлай Сент-Джон. На тэр. Т. — раманская царква Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123; гатычная «капэла Божай Маці», каля 1330). У стылі неаготыкі Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.​Бэры, Х.​Джонс).

Замак-крэпасць Таўэр.
Белая вежа (Уайт-Таўэр) у ансамблі Таўэра.

т. 15, с. 462

ТА́ЎЭРН ВЫСО́КІ (Hohe Tauern),

хрыбет ва Усх. Альпах, у Аўстрыі. Даўж. каля 100 км. Выш. да 3797 м (г. Гросглокнер). Складзены пераважна з гнейсаў і гранітаў. Альпійскі рэльеф, ледавікі. Хвойныя лясы, вышэй 1800—2000 м — лугі. Запаведнікі.

т. 15, с. 462

ТАФАНО́МІЯ (ад грэч. taphos магіла, пахаванне + nomos закон),

раздзел палеанталогіі, які даследуе заканамернасці, умовы намнажэння і пахавання жывёл і раслін, утварэнне месцазнаходжанняў іх выкапнёвых рэшткаў. Асн. палажэнні Т. распрацаваў І.А.Яфрэмаў у 1940—57. Т. вывучае стадыі працэсу: утварэнне пасмяротных скопішчаў арганізмаў (танатацэноз), перанос і перапахаванне, пераход іх у паўвыкапнёвы стан (тафацэноз), акамянеласці (фасіліі), змены і ператварэнні тафацэнозу пад уздзеяннем гіпергенезу ў сукупнасць іх акамянелых рэшткаў (арыктацэноз). Т. мае значэнне для рэканструкцыі палеабіяцэнозаў, біяцэнозаў і экасістэм мінулых геал. часоў, умоў існавання арганізмаў і працэсаў асадкаўтварэння. Гл. таксама Біястратыграфія.

т. 15, с. 462